Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Касьмічная кніга», адукацыйны фэстываль і падарожжы па Беларусі. Жыцьцё онлайн на гэтым тыдні


Нефармальны карантын працягваецца. Як адпачыць і карысна правесьці час, не выходзячы з дому? Сабралі для вас найбольш цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень з 25 па 31 траўня.

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. Вось што прапануецца на гэтым тыдні:

  • 26 траўня, 19:00 — Севярын Квяткоўскі чытае ўрыўкі з кнігі «Новыя фрашкі», якая неўзабаве пабачыць сьвет.
  • 28 траўня, 19:00 — паэтка Наста Кудасава чытае фрагмэнт кнігі «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» дзіцячай пісьменьніцы Сары Люндбэрг у перакладзе з швэдзкай мовы Надзі Кандрусевіч.
  • 30 траўня, 19:00 — філёзаф Валянцін Акудовіч прачытае зачын да сваёй новай кнігі «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым».
  • 31 траўня, 19:00 — Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «Ў бітвах і вязьніцах». Гэта трэці фрагмэнт сэрыі, якая зьяўляецца на каналах Свабоды па нядзелях. У гэтым выпуску герой кнігі сустракаецца з Напалеонам.

Усе чытаньні праходзяць на нашым YouTube-канале «Падкасты Свабоды».

Паглядзець, як ствараецца выстава #самоизоляцияOFF

Арт-прастора Moving Art Factory запусьціла новы праект.

«Вялікі арт-праект, у якім бяруць удзел творчыя людзі з усіх куткоў Беларусі. Удзельнікі чэленджа — мастакі, скульптары, фатографы, відэографы, музыкі і іншыя прадстаўнікі творчых прафэсій — на працягу двух месяцаў рыхтуюць арт-аб’екты і адлюстроўваюць сваё бачаньне гістарычнага фэномэну пандэміі ў мастацтве», — значыцца ў апісаньні падзеі.

Пасьля заканчэньня пандэміі выстава #самоизоляцияOFF стане своеасаблівым выбухам творчасьці. На плошчы 1600 кв.м можна будзе паслухаць лекцыі, музыку, паглядзець кіно і спэктаклі, паўдзельнічаць у майстар-клясах, пазнаёміцца з мастакамі і набыць іх творы.

Назіраць за стварэньнем арт-аб’ектаў можна тут.

Таксама можна ўзяць удзел у выставе, падрабязнасьці на сайце.

Адпачыць пад гукі флейты і раяля

Пабыць на своеасаблівай музычнай тэрапіі можна будзе разам з флейтыстам Музычнага тэатру Беларусі Аляксеем Ладзікам і салісткай Белдзяржфілярмоніі Алікай Духноўскай, якая зайграе на раялі.

Трансьляцыя адбудзецца 26 траўня а 19 гадзіне тут.

«10 хвілін Баха», «Тры творы для саксафона», музыка рэнэсансу і барока на клявэсыне

ОК16 прапаноўвае злавіць музычную хвалю. Прыгожыя мінімалістычныя відэа дазваляюць знайсьці натхненьне ўнутры сябе.

«Тры творы для саксафона» ад Рыгора Харанэкі:

«10 хвілін Баха» ад дуэту Паліны Чарнеўскай (скрыпка) і Кацярыны Жынгероўскай (танец):

Творы на клявэсыне ад музыкі Дзьмітрыя Зубава:

А яшчэ праект #OpenStageOK16 прапануе паглядзець чытаньне п’есы «Мяне для цябе мора» Марты Райцэс пра першае каханьне і страхі, зь ім зьвязаныя:

Адчуць роспач людзей з інваліднасьцю, перажыць гісторыі перасьледу свабоды

Беларускі Свабодны тэатар на бліжэйшых выходных пакажа два яскравыя спэктаклі.

  • 30 траўня — «Дом № 5» (2017, рэжысэры — Мікалай Халезін і Натальля Каляда)

«Адначасова малюючы аб’ект жалю і страху ці дэманструючы „звышчалавечнасьць“ герояў, гэтая п’еса вяртае аўдыторыю назад на зямлю, паказваючы абсалютную штодзённасьць імкненьняў людзей з рознымі тыпамі інваліднасьці, іх усё яшчэ існуючую адчужанасьць і ізаляванасьць ад паўсядзённай рэальнасьці», — гаворыцца ў апісаньні спэктаклю.

А яшчэ можна паглядзець фільм «Дом № 5. Жыцьцё нідзе».

У супольным праекце Беларускага Свабоднага тэатру і Радыё Свабода — гісторыя Юлі і Андрэя, якія жывуць у пасёлку Барсукі. У іх няма вады, газу і працы. У іх няма нічога, акрамя творчасьці, успамінаў, бібліятэкі і ката. Фільм зрабілі Дар’я Андраянава і Мікалай Купрыч.

  • 31 траўня — «Burning doors» (2016, рэжысэр — Мікалай Халезін).

Спэктакль паказвае тры гісторыі перасьледу свабоды — Марыі Алёхінай і Pussy Riot, расейскага мастака Пятра Паўленскага і ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Усе трансьляцыі адбываюцца на Youtube-канале тэатру і ў сацыяльных сетках.

Тэатар юнага гледача

На бліжэйшым тыдні можна ўбачыць:

  • 25 траўня — «Матылёк» (Пётар Гладзілін)
  • 26 траўня — «Ліса і вінаград» (Гільлермі Фігейрэду)
  • 27 траўня — «Зацюканы апостал» (Андрэй Макаёнак)
  • 28 траўня — «Таямніца Вялікага Гудвіна» (Аляксандар Волкаў)
  • 30 траўня — «Шытая лялька Рэгедзі Эн» (Уільям Гібсан)
  • 31 траўня — «Паліяна» (Элінар Портэр)

Усе трансьляцыі адбываюцца тут і ў сацыяльных сетках тэатру.

Чытаньне «Пана Тадэвуша» ад Купалаўскага

21 траўня ў Купалаўскім тэатры адбылося онлайн-чытаньне фрагмэнтаў паэмы Адама Міцкевіча сумесна з Драматычным тэатрам Аляксандра Вэнгеркі ў Беластоку.

З боку Купалаўскага тэатру ў чытаньні ўзялі ўдзел Аляксандар Падабед, Павал Харланчук-Южакоў, Марта Голубева, Крысьціна Дробыш. Драматычны тэатар з польскага боку прадстаўлялі Крысьціна Каспровіч-Сакалоўска, Данута Бах, Ялянта Бароўска, Катажына Міцкевіч. Рэжысэр чытаньня — Алена Ганум.

Адукацыйны онлайн-фэстываль ад Арт Сядзібы

ВЫШКА — гэта адукацыйны беларускі фэстываль ад Арт Сядзібы ў межах кампаніі «Годна».

«На працягу тыдня з 25 да 31 траўня ў Instagram і Zoom пройдуць дзясяткі жывых трансьляцый ад беларускіх экспэртаў і экспэртак.

Да фэстывалю са сваёй лекцыяй або майстар-клясам можа далучыцца кожны ахвотны. Трэба проста падаць заяўку з тэмай сваёй лекцыі, якую ў кароткім часе разгледзяць арганізатары і пацьвердзяць удзел.

Жывую трансьляцыю можна весьці на любую тэму: ад астраноміі і ёгі да грамадзка значных тэмаў, у любы час у межах апошняга тыдня вясны», — значыцца ў апісаньні падзеі.

Расклад заняткаў можна глядзець у календары.

Падкаст «Культурная сядзіба»

25 траўня глядзіце чарговы выпуск штотыднёвага падкасту Арт Сядзібы і Эўрарадыё.

На гэты раз госьцем будзе Зьміцер Бескаравайны — кіраўнік лэйбла Mediacube Music.

«Культурную Сядзібу» можна глядзець онлайн кожны панядзелак а 12-ай гадзіне тут або ў сацыяльных сетках «Арт Сядзібы» і Эўрарадыё. Ранейшыя выпускі таксама ёсьць у адкрытым доступе.

Лекцыі ад Цэнтру гарадзкога жыцьця ў Горадні

У цыкле «Адкрытыя лекцыі ў часе пандэміі» гісторык Генадзь Семянчук пазнаёміць з пачаткамі дзяржаватворчых працэсаў на беларускіх землях.

А гісторык Сяргей Токць прадставіць новую лекцыю-дасьледаваньне на тэму, як пандэмія XIX стагодзьдзя зьмяніла жыцьцё і лёс беларускай вёскі Бершты.

Паслухаць навуова-папулярнае пра літаратуру па-беларуску

Даведацца пра старажытнабеларускую і эўрапейскую літаратуру, а таксама паглядзець відэадасьледаваньні, паслухаць падкасты і лекцыі, пагуляць у гістарычныя гульні, знайсьці спэцпраекты пра міталёгію, мастацтва і лінгвістыку можна ў праекце Wir.by.

«Касьмічная кніга» ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 420-годдзя з дня нараджэньня тэарэтыка артылерыі і ракетабудаваньня, мысьляра-гуманіста Казіміра Семяновіча Нацыянальная бібліятэка адкрыла доступ да поўнай калекцыі старадрукаў «Вялікае мастацтва артылерыі».

Яе можна ўбачыць у Музэі кнігі.

А яшчэ — паглядзець гістарычны дэтэктыў «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі», створаны ў 2016 г. студыяй гістарычных фільмаў «Майстэрня Ўладзіміра Бокуна» ў рамках тэлевізійнага праекту «100 імёнаў Беларусі».

Лекцыя-канцэрт у цыклі «Санаторый пад клепсыдрай»

Тэма шостай сустрэчы — культавы польскі паэт і сьпявак Яцак Качмарскі.

«Бард, які трымаў гітару іначай. Парадаксальная постаць, што стала голасам пакаленьня і сымбалем руху „Салідарнасьць“, але была нашмат глыбейшая і цікавейшая за плоскасьць палітыкі», — значыцца ў апісаньні падзеі.

Андрэй Хадановіч пераклаў Яцака Качмарскага і разам зь беларускімі музыкамі запісаў дыск «Муры». У фармаце лекцыі-канцэрту ён прачытае вершы і засьпявае песьні польскага барда.

Сустрэча адбудзецца 26 траўня а 17 гадзіне на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

«Швэдзкія казкі беларускім дзеткам»

У чарговым выпуску праекту ад швэдзкай амбасады можна пачуць казку «Хутчэй, Мама Му» Юі Вісьляндэр у выкананьні мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, мастачкі Вольгі Ўгрыновіч і музыкі Сяргея Башлыкевіча.

Падарожжа з Жыгамонтам

Зьдзейсьніць вандроўку ў вёску Шыпяны, гісторыя якой зьвязаная са знакамітымі родамі Ваньковічаў і Манюшкаў, пабачыць старажытныя хаткі і пагуляць па старажытным парку можна тут:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG