Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Наваградкам ушануюць сем’і, што ратавалі ў вайну габрэяў. На помнік бракуе грошай


Макет памятнага знака праведнікам народаў сьвету, перадала Тамара Вяршыцкая

Памятны знак у гонар праведнікаў народаў сьвету плянуюць усталяваць на выезьдзе з Наваградку сёлета ў верасьні. Працягваецца збор сродкаў на яго.

Скульптура выглядае як лебедзь, які хавае пад раскінутымі крыламі птушанят. Яна ўжо амаль гатовая. Яе выканаў з бэтону менскі скульптар Алег Купрыянаў. Помнік сымбалізуе дзесяць сем’яў праведнікаў з Наваградзкага раёну, якія дапамагалі габрэям ратавацца падчас Галакосту: Баброўскія, Казлоўскія, Лаўскія, Пенда, Ермаловічы, Расткоўскія, Сьвянткоўскія, Буінскія, Каратай.

Макет памятнага знака праведнікам народаў сьвету, перадала Жанна Баброўская
Макет памятнага знака праведнікам народаў сьвету, перадала Жанна Баброўская

Помнік зьявіцца на месцы, дзе стаяў дом сям’і праведнікаў Францішка і Францішкі Баброўскіх. Гэта адразу на выезьдзе з Наваградку па дарозе да вёскі Літоўка. Цяпер на гэтым месцы стаіць студня, праз дарогу — адзінокі жылы дом.

Прыкладна ў гэтым месцы пад Наваградкам паставяць памятны знак:

Першапачаткова ініцыятыва ўвекавечыць памяць аб праведніках належала нябожчыку Сяргею Ковалю, гаспадару сядзібы Літоўка пад Наваградкам. Цяпер ягоную справу працягваюць дырэктарка Музэю габрэйскага супраціву Тамара Вяршыцкая, нашчадак сям’і праведнікаў Жанна Баброўская, мастачка Ніна Паўлоўская.

Помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай у Наваградку, пастаўлены дзякуючы Сяргею Ковалю
Помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай у Наваградку, пастаўлены дзякуючы Сяргею Ковалю

У беднай каталіцкай сям’і Баброўскіх было 6 дзяцей. У іхнім доме хавалася шмат габрэяў. Гаворка ідзе пра сотні. Дзякуючы Баброўскім уратаваўся, сярод іншых, пазьнейшы брытанскі мільянэр Джэк Каган, удзельнік партызанскага атраду Тувіі Бельскага.

Дакладная дата сьмерці Францішка і Францішкі невядомая. Верагодна, іх забілі адразу пасьля расстрэлу жыхароў вёскі Літоўка 4 лютага 1943 году, мяркуе Тамара Вяршыцкая. Тады абаім было каля 45 гадоў.

Сужэнцаў прывязалі да хвастоў коней і цягнулі іх па вуліцах гораду ў турму, дзе і расстралялі. Іхні дом спалілі. Дзяцей завезьлі ў нацысцкі канцлягер Грос-Розэн.

Мэдаль, які сьведчыць, што Баброўскіх прызналі праведнікамі народаў сьвету
Мэдаль, які сьведчыць, што Баброўскіх прызналі праведнікамі народаў сьвету

Выжылі трое дзяцей Баброўскіх, сярод іх дачка Марыя — сьвякроў Жанны Баброўскай. Марыя памерла ў 2000 годзе. У яе засталося 4 дзяцей, 10 унукаў, 17 праўнукаў.

Грамата, якая сьведчыць аб прызнаньні Баброўскіх праведнікамі народаў сьвету
Грамата, якая сьведчыць аб прызнаньні Баброўскіх праведнікамі народаў сьвету

У 1997 годзе дзяржава Ізраіль прызнала Францішка, Францішку і іхніх трох дзяцей Марыю, Міхала і Сьцяпана праведнікамі народаў сьвету.

Выжыла яшчэ адна дзяўчынка. У дзень, калі нацысты выкрылі сховішча Баброўскіх, у іх жыла габрэйская жанчына з малымі дзецьмі. Малодшай дзяўчынцы тады не было і двух гадоў. Яна захварэла, і сям’я забрала яе з хованкі да сябе наверх. Дзіця не гаварыла, таму паліцыя прыняла дзяўчынку за адну з дачок Баброўскіх. Яе аддалі ў Наваградзкі прытулак для сірот. Там назвалі Галінай Баброўскай. Цяпер ёй каля 80 гадоў, яна жыве ў Ізраілі. Толькі каля 20 гадоў таму яна даведалася, хто яна і адкуль, расказвае Тамара Вяршыцкая.

Нашчадкі Баброўскіх, фота з газэты «Новае жыцьцё» ад 26 сакавіка 2019 году
Нашчадкі Баброўскіх, фота з газэты «Новае жыцьцё» ад 26 сакавіка 2019 году

Сам памятны знак ужо аплачаны. Але каб зрабіць пастамэнт і ўсталяваць яго, патрэбная яшчэ вялікая сума. Жанна Баброўская кажа, што адна брыгада запатрабавала за такую работу 4,5–5 тысяч даляраў, іншыя — 2 тысячы даляраў.

Тамара Вяршыцкая
Тамара Вяршыцкая

«Чаму я лічу, што гэта павінна адбыцца зараз? Мы ўжо зрабілі сёе-тое, каб памяць пра Галакост, Супраціўленьне ня зьнікла. Але мы нічога не зрабілі, каб ведалі, што нашыя людзі ўдзельнічалі, дзякуючы ім габрэі засталіся ў жывых», — разважае Тамара Вяршыцкая.

Па пытаньнях наконт помніка можна зьвязацца з Жаннай Баброўскай па тэлефоне +375-29-342-89-08.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG