Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі паслаў Лукашэнку ўкраінскую вышыванку ў падарунак


Вышыванкі, якія Ўладзімір і Алена Зяленскія падарылі лідэрам шэрагу краін сьвету (фота з сайту прэзыдэнта Ўкраіны)

Ва Ўкраіне штогод у трэці чацьвер траўня адзначаецца Дзень вышыванкі.

Прэзыдэнцкая сям’я Зяленскіх з нагоды Дня вышыванкі, які адзначаецца 21 траўня, вырашыла зрабіць падарункі лідэрам шэрагу краін сьвету — традыцыйныя ўкраінскія вышытыя сарочкі атрымаюць кіраўнікі ЗША, Нямеччыны, Францыі, Канады, Польшчы, Турэччыны ды іншых краін.

«Прэзыдэнту Лукашэнку таксама адправяць сёньня вышыванку», — паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка ўкраінскага прэзыдэнта Юлія Мэндэль.

У прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны адзначылі, што ўкраінскія вышыванкі накіроўваюцца кіраўнікам дзяржаў і іхным сужэнцам, а Аляксандар Лукашэнка атрымае толькі адну вышыванку.​

Падарунак суправаджаецца лістом, падпісаным Уладзімірам і Аленай Зяленскімі:

«21 траўня ва Ўкраіне адзначаецца Дзень вышыванкі — сьвята, закліканае зьберагчы і шанаваць старажытныя традыцыі нашага народу. Вышыванка — гэта самабытны код нашага этнасу з зашыфраванымі ў арыгінальных арнамэнтах абярэгамі ды сымбалямі. Ад шчырага сэрца хочам падзяліцца з вамі часткай украінскай гісторыі ды аўтэнтыкі».

У прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны адзначылі, што ўкраінскія вышыванкі накіроўваюцца кіраўнікам дзяржаў і іхным сужэнцам.

Цяпер у Аляксандра Лукашэнкі ўжо як мінімум дзьве ўкраінскія вышыванкі — летась аналягічны падарунак яму зрабіў галоўны рэдактар тэлеканалу «Україна» Юры Сугак, запрошаны на сустрэчу кіраўніком Беларусі разам зь іншымі ўкраінскімі журналістамі.

Ва Ўкраіне штогод у трэці чацьвер траўня адзначаецца Дзень вышыванкі. Гісторыя гэтага сьвята пачалася ў 2006 годзе з ініцыятывы ўкраінскай пісьменьніцы і журналісткі Лесі Варанюк, якая тады вучылася ў Чарнавецкім нацыянальным унівэрсытэце і прапанавала ўсім студэнтам у пэўны дзень надзець вышытыя кашулі ці сукенкі.

За некалькі гадоў асобная ўнівэрсытэцкая акцыя перарасла ва ўсясьветную, а самі вышыванкі сталі ці не найбольш яскравай адметнасьцю міжнароднага сьвету моды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG