Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнку пачулі ў Кіеве і што ён хацеў паведаміць


Сустрэчу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з украінскімі журналістамі, якая адбылася 26 верасьня ў Менску і працягвалася амаль чатыры гадзіны, ініцыяваў беларускі бок. Размова з украінскімі журналістамі праходзіла ў Палацы Незалежнасьці.

Журналістаў папрасілі напісаць біяграфічную даведку пра сябе і акрэсьліць пытаньні

На прэсавую канфэрэнцыю запрасілі прадстаўнікоў шасьці сродкаў масавай інфармацыі:

  • інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс-Україна»,
  • дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Укрінформ»,
  • урадавага выданьня «Урядовий кур’єр»,
  • тэлеканалу «Україна» (належыць украінскаму алігарху Рынату Ахметаву),
  • тэлеканалу «1+1» (уласьнік каналу — Ігар Каламойскі, якога цяпер наўпрост зьвязваюць з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім),
  • тэлеканалу «112-Україна» (уласьнікаў зьвязваюць з атачэньнем лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» Віктарам Медведчуком, які апошні год актывізаваў свае сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам).

Як паведаміла карэспандэнтка тэлеканалу «1+1» Вольга Кашаленка, прадстаўляючы ў жывым эфіры свой матэрыял, перад паездкай у Менск журналістаў папрасілі напісаць біяграфічную даведку пра сябе і акрэсьліць тыя пытаньні, якія яны хацелі задаць Аляксандру Лукашэнку.

«Але заяўленых пытаньняў ніхто не прытрымліваўся. Мы былі зьдзіўленыя тым, што апроч нас былі запрошаныя і беларускія журналісты, але яны мусілі браць інтэрвію ў нас. Шчыра кажучы, такой прафэсійнай увагі да сябе я ніколі не сустракала, таму што, напэўна, у ніводнай краіне такога не практыкуюць. Беларускія журналісты распытвалі нас і да сустрэчы з Лукашэнкам, і пасьля яе — пра нашы чаканьні і ўражаньні», — дадала ўкраінская журналістка.

Што за «паглыбленьне інтэграцыі» — пытаньне, на якое ўкраінцы шукаюць адказу

Украінскіх журналістаў найперш цікавіла пэрспэктыва інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая анэксавала Крым і ўжо пяць гадоў падтрымлівае незаконныя ўзброеныя фармаваньні на Данбасе.

«Як вядома, на сёньняшні дзень паміж Украінай і Беларусьсю няма такіх сур’ёзных праблемаў. Важна было пачуць ад Лукашэнкі тое, якім чынам ідуць працэсы інтэграцыі з Расеяй і як яны паўплываюць на дачыненьні з Украінай. Гэта галоўнае пытаньне, на якое ўсе ва Ўкраіне шукаюць адказу», — сказаў Свабодзе галоўны рэдактар агенцтва «Інтэрфакс-Україна» Аляксандар Мартыненка.

Паводле яго, адчувалася, што і для кіраўніка Беларусі гэтае пытаньне было апошнія паўгода «вельмі напружаным»:

«Цяпер, размаўляючы на гэтую тэму, ён быў больш спакойны. Мне здаецца, што ён знайшоў адказы на расейскія ідэі, выклаў іх расейскаму боку, і такога чаканьня, як было яшчэ паўгода таму, што мы можам прачнуцца ў адзін дзень і пабачыць новую дзяржаву, — цяпер такіх страхаў няма. Пра гэта ён і казаў, маўляў, супакойцеся, нічога новага, прынцыповага для Ўкраіны, і, як я разумею, для ўсяго сьвету не адбудзецца. І мне падалося, што ён быў больш упэўнены ў тым, што гэты працэс, які шмат хто разглядаў як працэс зьнікненьня Беларусі як дзяржавы, прыпыніўся».

Вышыванка, зуброўка, шакаляд і фотаальбом

Галоўны рэдактар тэлеканалу «Україна» Юры Сугак перакананы, што кіраўнік Беларусі сказаў толькі тое, што хацеў сказаць:

«Мне падалося, што ён быў дастаткова шчыры, настроены на дыялёг. Ён максымальна спрабаваў адказаць на ўсе пытаньні, але, ведаеце, мы мелі справу з кіраўніком дзяржавы, у якога вялікая колькасьць кантактаў у вонкавым сьвеце — краінамі, арганізацыямі, палітычнымі сіламі. І ён заўсёды застаецца дыпляматам, а дыплямат ніколі не раскажа ўсё».

Юры Сугак перакананы, што нагодай для сустрэчы з украінскімі журналістамі стаў форум рэгіёнаў, які праз тыдзень мае адбыцца ў Жытоміры:

«Лукашэнка хацеў распавесьці пра тыя праекты, якія ён гатовы прапанаваць Украіне. Таму галоўны акцэнт, на мой погляд, быў сканцэнтраваны на двухбаковых супольных праектах, і другі — на сытуацыі на Данбасе. Што тычыцца апошняй тэмы — я не магу дадумваць, але мне падалося, што гэтую сытуацыю ён разглядае з пазыцыі інтарэсаў Беларусі, а не Расеі».

Галоўны рэдактар тэлеканалу «Україна» падарыў Лукашэнку ўкраінскую вышыванку:

«Гэта ж выдатная гісторыя. Такім чынам мы папулярызуем Украіну па ўсім сьвеце. І Беларусь — не выключэньне. Я бачыў па фотаздымках, што Лукашэнка часам надзяе вышыванкі. І гэта было б выдатна, калі б ён прыехаў у Жытомір ва ўкраінскай вышыванцы, калі гэта дазваляе пратакол», — дадаў Юры Сугак.

Пасьля сустрэчы ўкраінскім журналістам таксама ўручылі падарункі — беларускую зуброўку, шакаляд і фотаальбомы пра Беларусь.

Што пачулі ўкраінскія экспэрты

На думку ўкраінскага палітыка і грамадзкага дзеяча Алега Рыбачука (ён у 2005–2006 гадах узначальваў адміністрацыю прэзыдэнта Віктара Юшчанкі), ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца з украінскімі журналістамі абумоўленая як перазагрузкай улады ва Ўкраіне, гэтак і перафарматаваньнем перамоў аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе:

«Тут некалькі фактараў. Ва Ўкраіне цяпер новая ўлада, адбываецца перазагрузка менскай групы, нармандзкага фармату. Таму Лукашэнка выкарыстоўвае гэты момант, каб нагадаць пра сябе, прапанаваць нейкія свае ідэі і сябе ў новай якасьці. Але ва Ўкраіне большасьць не ўспрымае ягоныя прапановы, у прыватнасьці, наконт міратворчых функцый. Бо Лукашэнка — не аб’ектыўны хаўрусьнік і не самастойны гулец. На яго зараз цісьне Расея, і ва Ўкраіне разумеюць, што ён уразьлівы і на яго разьлічваць нельга».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG