Акцыю «Назваць імёны памерлых» арганізавала група людзей, чые блізкія сталі ахвярамі каранавірусу, паведамляе Deutsche Welle.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У ЗША ў чацьвер, 21 траўня, праходзіць онлайн-акцыя, падчас якой зачытваюцца імёны, узрост і месца пражываньня людзей, якія памерлі ў выніку заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2. 24-гадзінная акцыя «Назваць імёны памерлых» (#namingthelost) пачалася напярэдадні, у яе рамках усе жыхары ЗША могуць даслаць імёны сваіх блізкіх, якія памерлі з прычыны выкліканай каранавірусам пнэўманіі COVID-19.
Онлайн-жалобу арганізавала група людзей, якія самі ад каранавірусу страцілі родных, сяброў, калег або суседзяў. Яны жывуць у розных штатах ЗША, у тым ліку тых, што найбольш пацярпелі ад пандэміі. Арганізатары адзначаюць, што хочуць даць людзям магчымасьць правесьці сумесную жалобную цырымонію, бо з прычыны карантынных захадаў разьвітаньне з памерлымі можа праходзіць толькі ў абмежаваным фармаце.
Па дадзеных міжнароднай групы Worldometers, каранавірусам у сьвеце заразіліся ўжо звыш 5 мільёнаў чалавек. Пры гэтым амаль 330 тысяч хворых на COVID-19 памерлі, і больш за 2 мільёны чалавек ачунялі. ЗША знаходзіцца на першым месцы ў колькасьці выяўленых заражэньняў (больш за 1,5 млн) і сьмерцяў (амаль 95 тысяч).