Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сынгапуры вынесьлі сьмяротны прысуд па відэасувязі


У Сынгапуры Вярхоўны суд прызнаў вінаватым у кантрабандзе наркотыкаў у 2011 годзе 37-гадовага грамадзяніна Маляйзіі Пунітана Гэнасана. Мужчыну асудзілі на сьмяротнае пакараньне, пры гэтым прысуд быў вынесены падчас відэаканферэнцыі ў Zoom.

Гэта другі выпадак у сьвеце, калі сьмяротны прысуд выносіцца па відэасувязі праз Zoom. Два тыдні таму ў Нігерыі мясцовы жыхар Олалекан Хамід быў прыгавораны да пакараньня сьмерцю за забойства.

Згодна з матэрыяламі справы, асуджаны мужчына ў 2011 годзе ўвёз у Сынгапур з Маляйзіі 28 грамаў гераіну.

«Для бясьпекі ўсіх удзельнікаў працэсу слуханьне справы Пунітана Гэнасана праводзілася з дапамогай відэаканфэрэнцыі», — заявіў прадстаўнік Вярхоўнага суду Сынгапуру. Ён спаслаўся на абмежаваньні, якія былі ўведзеныя ў краіне для мінімізацыі распаўсюджваньня каранавірусу.

Адвакат Гэнасана Пітэр Фэрнанда быў не супраць вынясеньня прысуду яго кліенту па відэасувязі. Рашэньне суду ён з падабаронным будзе абскарджваць.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў Сынгапуры дзейнічае вельмі жорсткая палітыка ў дачыненьні да незаконнага абароту наркатычных сродкаў. За апошнія дзесяцігодзьдзі сотні людзей, у тым ліку дзясяткі замежнікаў, былі пакараныя за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі.

«Гэты выпадак зьяўляецца яшчэ адным напамінам пра тое, што Сынгапур працягвае ігнараваць міжнароднае права і стандарты, ужываючы сьмяротнае пакараньне за незаконны абарот наркотыкаў», — адзначылі ў праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

У азіяцкім аддзяленьні праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch заявілі, што ўжываньне сьмяротнага пакараньня ў Сынгапуры — бесчалавечнае, а выкарыстаньне дыстанцыйных тэхналёгій для вынясеньня сьмяротнага прысуду робіць яго яшчэ больш жорсткім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG