Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адкрывае межы з Эўразьвязам і Малдовай. Зь Беларусьсю і Расеяй — не


Архіўнае фота. На беларуска-ўкраінскай мяжы, 2016 год

Улады Ўкраіны з 22 траўня аслабляюць карантынны рэжым, уведзены з 12 сакавіка для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу.

Паводле рашэньня ўраду, з 22 траўня адновіцца праца грамадзкага транспарту, а з 25 траўня — мэтро. Кабінэт міністраў Украіны таксама плянуе аднавіць дзейнасьць 66 пунктаў пропуску на межах з краінамі Эўрапейскага Зьвязу і Малдовай. Межы зь Беларусьсю і Расеяй застануцца закрытыя ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу.

Праект пастановы прадугледжвае аднаўленьне паўнавартаснага руху на межах з Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй і Малдовай. Застаюцца часова закрытымі пункты пропуску на межах з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй, — паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў 20 траўня на пасяджэньні ўраду.

Пастанову падтрымаў увесь склад ураду, але яна набудзе моц толькі пасьля апублікаваньня. У сваю чаргу, прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што пытаньне аб аднаўленьні паветраных перавозак і адкрыцьці аэрапортаў будзе разглядацца пасьля 15 чэрвеня, калі авіякампаніі краін-партнэраў пачнуць адкрываць свае межы.

Мяжу зь Беларусьсю Ўкраіна цалкам закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух. Раней аналягічныя абмежаваньні ўвялі на 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

Праз гэтыя пункты на тэрыторыю Ўкраіны могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.

Ва Ўкраіну таксама прапускаюць акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Усе астатнія могуць трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных спраў Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG