Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трымаў галадоўку, ня спаў, выпіў 12 літраў вады. Журналіста Алеся Асіпцова вызвалілі пасьля 10-дзённага арышту


Алесь Асіпцоў (у цэнтры) на волі пасьля арышту

19 траўня з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю пазаштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Алесь Асіпцоў.

Суд пакараў журналіста арыштам за тое, што 5 траўня ён асьвятляў сустрэчу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Алеся Асіпцова, як і іншых журналістаў, затрымалі 9 траўня — у гэты дзень у Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі.

У магілёўскім ізалятары Алесь Асіпцоў трымаў галадоўку, якую пачаў 9 траўня. На волі яго сустракалі мясцовыя актывісты, праваабаронцы, журналісты, дачка Яніна. Першыя пытаньні былі пра яго самаадчуваньне.

З дачкой Янінай
З дачкой Янінай

«Самаадчуваньне нармальнае, толькі задышка, хочацца выпіць гарачай гарбаты. На дзіва, есьці абсалютна ня хочацца. Яшчэ крыху „штарміць“, але мой арганізм дужы, натрэніраваны, таму з гэтым 10-дзённым маратонам я справіўся больш-менш нармальна».

Алесь кажа, што падчас галадаваньня ўжываў толькі ваду.

«Я ёю проста ўжо абпіўся. За першыя трое сутак да суду я выпіў толькі гарбату, кісель і кампот. А за сем сутак я выпіў каля 12 літраў вады. Я ня ведаю, многа гэта ці мала, але я проста не магу на яе глядзець. У заяве на імя начальніка ізалятара я пазначыў, што адмаўляюся ад мэдычнай дапамогі.

Сам ізалятар рабіў захады, каб мяне завесьці да мэдычнага супрацоўніка, які мяне правяраў. На дзіва, у мяне не балела галава, як тое бывае на волі, і ціск быў, як у касманаўтаў, 120 на 80, а мэдсястра сказала, што галадоўка паспрыяла ачышчэньню арганізму».

Магілёўскі ІЧУ
Магілёўскі ІЧУ

Да Асіпцова прыходзіла супрацоўніца Кастрычніцкага РАУС і пыталася, чаму ён галадае.

«Сваёй галадоўкай я рабіў такое пасланьне ініцыятарам затрыманьня, тым, хто нацкоўваў іх на журналістаў, што абыходзіцца з журналістам так нельга і што журналісты здольныя на сьмелыя радыкальныя дзеяньні, каб абараніць свой чалавечы і прафэсійны гонар. Я лічу, што мая галадоўка была плённай, і наогул усе галадоўкі плённыя, бо скаланаюць сыстэму парушальнікаў правоў ня толькі журналістаў. Я дапускаю, што ў ізалятары яшчэ нехта галадае, бо я бачыў у ведамасьці тры адмовы ад ежы. Хто гэта, я ня ведаю», — сказаў Алесь Асіпцоў.

Магілёўскі ізалятар ён параўнаў з гостэлам эканом-клясы. Але камэры былі вельмі халодныя.

«Дужа настылыя сьцены, і ад іх проста дзьме холадам, таму за 10 дзён я фактычна ня спаў».

Алесь Асіпцоў выйшаў на волю ў мэдычнай масцы, якія ўсім даюць у зьняволеньні. Ён кажа, што ў ізалятары ёсьць дазатары з дэзсродкам, камэры рэгулярна праціраюцца. Але падазраваных і асуджаных дастаўляюць у цесным транспарце, ня ўсе маюць маскі.

«У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі падчас майго допыту заляцеў міліцыянт і з гонарам заявіў, што ў яго тэмпэратура і яго накіравалі дахаты. За ім прыбег яшчэ адзін міліцыянт, які сказаў, што ён кантакт другога ўзроўню».

Алесь кажа, што пэрсанал ізалятара быў тактоўны. На волю яго выпусьцілі «сэкунда ў сэкунду». У ізалятары Алесь атрымліваў паштоўкі, газэты, таму салідарнасьць адчувалася.

«Цяпер для мяне самае складанае — вярнуцца ў працоўны рытм. Выходзіць з галадоўкі трэба паступова, гэта працягнецца 10 дзён, паволі буду дазваляць сабе нейкія порцыі ежы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG