Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп расказаў, якія лекі прымае, каб засьцерагчыся ад каранавірусу


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

У панядзелак, 18 траўня прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп абвясьціў, што прымае прэпарат ад малярыі ў якасьці прафіляктычнага сродку ад каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Фэдэральнае ўпраўленьне кантролю за бясьпекай прадуктаў харчаваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў у мінулым месяцы папярэдзіла, што гэтыя лекі могуць прымяняцца толькі для хворых, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэньні пад наглядам лекараў.

Падчас прэс-брыфінгу Трамп паведаміў, што ён ужо больш за тыдзень прымае гідроксіхлёрахін і біялягічныя дабаўкі з цынкам. Паводле прэзыдэнта, ягоны лекар не рэкамэндуе прымаць гэты прэпарат, але ён папрасіў лекара Белага дома выпісаць яму рэцэпт.

«Я пачаў яго прымаць, бо лічу, што гэта добры сродак», — растлумачыў Дональд Трамп. Паводле афіцыйнай заявы лекара Белага дома Шона Конлі, пасьля шматлікіх абмеркаваньняў вартасьцяў і недахопаў прэпарату з прэзыдэнтам яны вырашылі, што «патэнцыйныя выгады пераважваюць адносную рызыку».

Прэзыдэнт Трамп неаднаразова гаварыў пра гэты прэпарат як пра эфэктыўны сродак ад COVID-19, хоць яго эфэктыўнасьць не была пацьверджаная экспэрымэнтальна.

«Няма ніякіх сьведчаньняў, што гідроксіхлёрахін прадухіляе ці вылечвае COVID-19, — кажа ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Associated Press Пэтрыс Харыс, прэзыдэнт Амэрыканскай мэдыцынскай асацыяцыі. — Папярэднія вынікі дасьледаваньняў не выглядаюць шматспадзеўнымі».

Пры гэтым прымяненьне прэпарату можа выклікаць небясьпечныя, патэнцыйна фатальныя пабочныя эфэкты, уключаючы сардэчную арытмію.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі заявіла, што яна б аддала перавагу, каб «наш прэзыдэнт не прымаў прэпаратаў, не ўхваленых навукоўцамі, асабліва ўлічваючы ягоны ўзрост і яго, скажам так, вагавую катэгорыю».

У пачатку траўня ў двух супрацоўнікаў Белага дома быў выяўлены каранавірус, які выклікае COVID-19. З тых часоў там былі ўведзеныя частковыя меры ізаляцыі з мэтай прадухіліць магчымасьць заражэньня прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта.

Супрацоўнікаў адміністрацыі, якія працуюць у Белым доме, абавязалі насіць мэдыцынскія маскі, а прэзыдэнт, віцэ-прэзыдэнт і іхныя найбліжэйшыя памочнікі штодня тэстуюцца на наяўнасьць каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG