Больш за 120 краін заклікаюць да расьсьледаваньня прычын пандэміі

У панядзелак пачынае працу Сусьветная асамблея здароўя — сёлета з прычыны пандэміі каранавірусу яна ўпершыню пройдзе ў віртуальным фармаце.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Чакаецца, што на парадак форуму будзе вынесенае расьсьледаваньне дзеяньняў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у барацьбе з каранавірусам.

Да дбайнага расьсьледаваньня крыніцы паходжаньня і масавага распаўсюджаньня новага вірусу заклікаюць Эўрапейскі Зьвяз і Аўстралія. Гэтую прапанову падтрымалі ўжо 122 краіны, у тым ліку Вялікая Брытанія і Расея.

Яны хочуць атрымаць адказы на цэлы шэраг пытаньняў і, у прыватнасьці , ці ўсё было зроблена, каб прадухіліць пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, якая прывяла да заражэньня больш як 4,5 мільёна чалавек у сьвеце і сьмерці 300 тысяч хворых.

У гэтай прапанове канкрэтна ня згадваецца Кітай або горад Ухань, дзе, як мяркуюць, пачалася ўспышка хваробы. Аднак Пэкін выступіў рэзка супраць ініцыятывы расьсьледаваньня, абвінаваціўшы Аўстралію ў палітычнай атацы.

Вашынгтон пакуль таксама не падтрымаў ініцыятыву. ЗША настойваюць на больш жорсткай фармулёўцы, якая б заклікала да расьсьледаваньня паходжаньня вірусу, пачынаючы менавіта з Кітаю.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова абвінавачваў Кітай ва ўтойваньні інфармацыі пра вірус, а САЗ, на яго думку, дапамагала ў гэтым Пэкіну. Улады ЗША ня выключылі, што магла адбыцца ўцечка вірусу зь лябараторыі ў горадзе Ухань. Афіцыйна выведная супольнасьць ЗША не заяўляла аб наяўнасьці доказаў гэтага. Кітай такую магчымасьць катэгарычна адмаўляе.

  • ЗША зьяўляюцца самай пацярпелай ад COVID-19 краінай. Паводле апошніх зьвестак, там зафіксавана больш за 1,5 мільёна выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Памерлі больш за 90 тысяч пацыентаў.

​
XS
SM
MD
LG