Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менавіта сёньня байкот можа быць, як ні дзіўна, самай кансалідуючай стратэгіяй»


Участак, дзе галасуе Лукашэнка, Дразды
Участак, дзе галасуе Лукашэнка, Дразды

Чаму Лукашэнка не адступае ад сваёй палітыкі адносна пандэміі? Пра што сьведчаць больш рашучыя крокі, які робяцца на іншых паверхах улады? Ці ня станецца так, што праўда будзе за Лукашэнкам, у тым ліку і ў вачах многіх людзей у Эўропе? Чаго варта чакаць ад сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Сьцісла

Астапеня

  • Цяпер ён бачыць, што ўсё ідзе калі не па аптымістычным, то прынамсі не па самым горшым сцэнары
  • Чыноўнікі разумеюць, што трэба неяк абмяжоўваць гэтую эпідэмію, каб самім ня стаць яе ахвярамі, калі яна будзе разрастацца
  • Беларусь ва ўсясьветных мэдыя адлюстроўваецца як абсалютна вар’яцкая краіна. У мэдыя, у САЗ, у палітычным істэблішмэнце заходніх краін вэрдыкт ёй ужо вынесены
  • Цяпер у Брытаніі на Швэцыю не глядзяць з захапленьнем, хутчэй як на нешта дэвіянтнае
  • Калі б я зараз удзельнічаў у гэтай кампаніі, я б хутчэй пайшоў на байкот, хоць усё жыцьцё быў праціўнікам байкоту
  • Цяпер Аляксандар Лукашэнка мае найгоршую магчымасьць выйграць выбары за ўсе апошнія гады

Шрайбман

  • Нават паводле апытаньняў SATIO за меры, падобныя да эўрапейскага локдаўну, выступаюць ня больш як 30%
  • Калі тэндэнцыя апошніх дзён захаваецца, то можна будзе сказаць, што Лукашэнку пранесла
  • Праект праймэрыз, які напачатку здавалася нечым, што выбіваецца са шматгадовага шэрагу ганьбы, вярнуўся ў звыклую каляіну ганьбы
  • Калі вы супраць безадказнай улады, якая праводзіць парады, то як вы самі заклічаце сваіх прыхільнікаў выйсьці на плошчы?
  • Калі раней байкот быў доляй маргіналаў нават унутры апазыцыі, сёньня такое адчуваньне, што да кампаніі дойдзе толькі «Гавары праўду» з усёй апазыцыйнай «тусоўкі»

Чаму Лукашэнка не зьмяніўся за апошні месяц?

Дракахруст: За месяц з нашай мінулай размовы Лукашэнка, прынамсі рытарычна, не адступіў ад сваёй пазыцыі, што каранакрызіс — адно псыхоз. Цяпер зьявіліся нейкія іншыя адказы?

Я нагадаю лічбы. Мы з вамі размаўлялі напрыканцы сакавіка. Тады, 31 сакавіка, інфікаваных COVID-19 у Беларусі было 152 чалавекі, памерлых ад яго — адзін чалавек. Сёньня, 5 траўня, інфікаваных — 17,5 тысячы, памерлых — 103 чалавекі. Рост абодвух паказьнікаў больш як у 100 разоў.

Але і чэмпіянат футбольны працягваецца, і ў царкву на Вялікдзень Лукашэнка ідзе, фактычна насуперак парадам РПЦ, і да параду краіна рыхтуецца. Чаму яго не палохае маштаб хваробы, чаму ён «ня парыцца», па яго словах, наконт сьмерцяў ад COVID-19?

Шрайбман: Мне здаецца, што мы недаацэньваем, наколькі для Лукашэнкі важны імідж непахіснага, «ненахіляемага», палітыка. Мы часам успрымаем кіраўнікоў на ўзор заходніх (дый некаторых усходніх) палітыкаў, якім важна дакладна адпавядаць бягучым запытам свайго народу. Мне здаецца, што папулізм Лукашэнкі крыху іншы. Ён у тым, каб заўсёды адпавядаць свайму амплюа. Ён яго выбраў на пачатку цяперашняга крызісу: мы ня збочым са свайго шляху, у нас асобы шлях, мы не прагнемся пад ціскам. Ён цяпер пра гэта кажа з гонарам. І ўсе, паводле ягоных слоў, пачынаюць прызнаваць нашую рацыю, адкрываючыся пасьля пакутлівага карантыну. А мы адразу зразумелі, што катаваць людзей карантынам нельга.

Я мяркую, як і месяц таму, што гэты псыхалягічны фактар тут першасны. Можна было зрабіць захады, якія б не абрыналі эканоміку, але былі б ухваленыя і ўсясьветнай супольнасьцю, і той часткай грамадзкасьці Беларусі, якая хацела б больш рашучых захадаў.

Паводле апытаньняў SATIO, большасьць беларусаў ня хоча поўнага карантыну, а хочуць больш актыўных захадаў, кшталту скасаваньня масавых мерапрыемстваў. Тут справа не ў меркаваньні большасьці, нават ня ў стане эканомікі, тут справа ў палітычнай псыхалёгіі Лукашэнкі. А з улікам яго месца ў палітычнай сыстэме краіны гэта наагул тлумачыць усё.

Дракахруст: Цяпер гэтая тэза гучыць часта — Лукашэнка не адчувае, ня чуе грамадзтва. А можа, гэта мы няправільна адчуваем грамадзтва? Так, галасы супраць цяперашняй палітыкі даволі гучныя, і Лукашэнка іх, дарэчы, чуе — сьведчаньне чаму яго нядаўняя рэпліка, што цяпер толькі лянівы сабака ня лае яго. А можа, ён чуе, адчувае і іншыя галасы, настроі «маўклівай большасьці»? І яны не такія, як здаецца, скажам, Арцёму, вам, мне?

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Астапеня: Я згадзіўся б з Арцёмам, але дадаў бы адну рэч. Месяц таму мы думалі, што празь месяц — на пачатку траўня — гэтыя лічбы будуць большымі. Тыя мадэлі, якія тады існавалі, прадказвалі значна большыя лічбы для Беларусі на пачатак траўня. Мы разумеем, што сьмерцяў ад COVID-19 у Беларусі цяпер больш, чым афіцыйных 103, але і не 15 тысяч.

І я думаю, што Лукашэнка месяц-паўтара таму ўжо падрыхтаваўся да такіх, досыць суровых, вынікаў эпідэміі ў Беларусі. І цяпер ён бачыць, што ўсё ідзе калі не па аптымістычным, то прынамсі не па самым горшым сцэнары. І ён думае — я маладзец, я чарговы раз даказаў усяму сьвету, што ня варта прагінацца. Гэта вынікае зь ягоных выступаў, калі кажа, што цяпер увесь сьвет ідзе нашым шляхам.

Што да грамадзтва, то большая яго частка ставіцца скептычна да таго, што робіць Аляксандар Лукашэнка. Як да ягоных словаў могуць ставіцца беларускія дактары ці тыя людзі, якія бывалі ў беларускіх шпіталях апошнім часам? І ня думаю, што ёсьць нейкая «маўклівая большасьць», якая ў гэтым пытаньні падтрымлівае Лукашэнку.

Расколіна ва ўладным бэтоне ці гульня ў чатыры рукі?

Дракахруст: Ці так ужо нічога не мяняецца ў палітыцы беларускіх уладаў? Мы бачым, што на ўзроўні мясцовых уладаў, на ўзроўні міністэрстваў палітыка адрозьніваецца ад рыторыкі Лукашэнкі. Дзе-нідзе ўводзяцца лякальныя карантыны, у Баранавічах скасавалі парад на 9 траўня. Сёе-тое робіцца і самім грамадзтвам — але і ўладамі на месцах. Гэта прыкметы расколін ува ўладным бэтоне, хаосу? Ці гэта разьмеркаваньне роляў: Лукашэнка — пра псыхоз, а ніжэйшыя чыноўнікі практычна змагаюцца з пандэміяй?

Астапеня: Я думаю, што гэта і ня тое, і не другое. У беларускіх чыноўнікаў ёсьць разуменьне, што тое, што робіць Лукашэнка, не зусім дазволена ім. Яны разумеюць, што ў выпадку чаго ён сам сябе караць ня будзе. Ён будзе шукаць вінаватых. І вінаватымі акажуцца яны. І яны разумеюць, што трэба неяк абмяжоўваць гэтую эпідэмію, каб самім ня стаць яе ахвярамі, калі яна будзе разрастацца.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Я мяркую, што мае месца другое тлумачэньне з тых, што вы, Юры, прывялі. Гэта своеасаблівы сымбіёз. Улада на месцах, улада ў ведамствах можа ціха рабіць сваю працу, пакуль Лукашэнка выпраменьвае ўпэўненасьць і змагаецца з панікай. У пэўным сэнсе адно не пярэчыць другому. І Лукашэнка ж не забараняе рабіць на месцах такія крокі.

Дракахруст: Ці так гэта? Клір БПЦ казаў — ня варта ісьці ў храмы на Вялікдзень, Лукашэнка і сам пайшоў, і іншых заклікаў ісьці. Былі галасы ва ўладзе, каб працягнуць школьныя канікулы — Лукашэнка іх спыніў, адправіў школьнікаў у школы.

Шрайбман: Зь Вялікаднем — гэта хутчэй выключэньне. З канікуламі што было сказана? Ня хочаце адпраўляць дзяцей у школу — не адпраўляйце. З парадам што гаварылася і гаворыцца? Мы ў Менску правядзем. Але калі ў Баранавічах парад адмянілі, ніхто баранавіцкага «вэртыкальшчыка» не пакараў. Дапускаецца люфт. І Лукашэнка жыве ў сваім сьвеце, дзе вірусу ня бачыш, дык яго і няма, а на месцах, мяркую, нават з санкцыі ад Лукашэнкі, робяцца крокі, якія дазваляюць трымаць сытуацыю пад кантролем.

Калі б мы бачылі прыкметы ціхага сабатажу, што прадугледжвае ваш, Юры, першы варыянт тлумачэньня, гэта праяўлялася б у іншым складаньні статыстыкі. Я ня ведаю, хто верыць у афіцыйную лічбу па сьмерцях. Вельмі многія сьмерці, якія былі зьвязаныя з каранавірусам, не запісваюцца ў гэтую статыстыку, а пішуцца як сьмерці ад пнэўманіі ці ВРЗ. Гэта азначае, што мясцовая ўлада тут не пярэчыць вышэйшай. Проста мясцовая ўлада бярэ на сябе іншую ролю.

Варта адзначыць пэўную зьмену рыторыкі Лукашэнкі ў апошнія тыдні. Ён пачаў дапускаць, што некалі мы прыйдзем да карантыну. Ён некалькі разоў, напрыканцы красавіка, сказаў, што калі спатрэбіцца, мы ўвядзем жорсткія меры. Проста пакуль час не прыйшоў. І гэтая мясцовая рэакцыя можа стаць трамплінам для такіх крокаў, маўляў, мы гэта рабілі на месцах, прыйшоў час увесьці гэтыя меры на рэспубліканскім узроўні.

Дні, калі Эўропа адмяняе карантын

Дракахруст: Месяц таму, калі мы з вамі размаўлялі, краіны Эўропы ўводзілі карантыны і локдаўны ці рыхтаваліся да іх. Цяпер Эўропа пакрысе выходзіць з карантыну і локдаўну. Пры тых лічбах хворых і памерлых, якія ёсьць у Беларусі і за яе межамі, ці не закрадаецца ў многіх думка — а можа і меў Лукашэнка рацыю ў сваім унікальным шляху барацьбы зь вірусам шляхам яго ігнараваньня? У Беларусі пратэстуюць супраць адсутнасьці карантыну, у Расеі, ва Ўкраіне, у іншых краінах — супраць наяўнасьці. Судзьдзі хто? І які іх вэрдыкт?

Шрайбман: Я б паспрачаўся з вашай фармулёўкай пытаньня. Я ня думаю, што людзі ў Беларусі пратэстуюць супраць адсутнасьці карантыну. Нават паводле апытаньняў SATIO, за меры, падобныя да эўрапейскага локдаўну, выступаюць ня больш як 30%. А гэта ж онлайн-апытаньне, збольшага апытаньне адукаваных гараджанаў. Такія апытаньні не ахопліваюць усё грамадзтва, у прыватнасьці, яго неінтэрнэтызаваную частку.

Тая частка грамадзтва, якая схільная да ковід-дысідэнцтва, да тэорыяў змовы, наўрад ці трапляе ў такія апытаньні.

Так што агульнабеларуская падтрымка локдаўну яшчэ ніжэйшая, чым ое паказваюць апытаньні SATIO.

Беларусы хутчэй незадаволеныя адсутнасьцю пэўных захадаў, захаваньнем масавых мерапрыемстваў і пыхлівай рыторыкай.

Дракахруст: І часам зьняважлівай рыторыкай — «я ня паруся наконт сьмерцяў», абвінавачваньні мэдыкаў наконт таго, што яны там нешта ня так зрабілі... Гэта нясмачна.

Шрайбман: Так. І тое, што людзі самі вінаватыя, нехта занадта тлусты быў. Гэта ўсё выклікае даволі масавае абурэньне. А што да вэрдыкту гісторыі...

У апошнія дні назіраецца пэўная стабілізацыя штодзённага прыросту. Магчыма, у хуткім часе адбудзецца выхад на плято, а потым — зьніжэньне выпадкаў новых захворваньняў. Калі гэта будзе так, калі штодзённая колькасьць новых інфікаваных не перавысіць 1000, то апакаліптычныя прагнозы палітычных наступстваў пандэміі ў Беларусі ня спраўдзяцца. Што рэвалюцыі, што перавароты, што намэнклятурныя бунты — усе яны магчымыя на эмоцыях, калі ёсьць адчуваньне, што ва ўлады ўсё валіцца з рук. Калі будзе адбывацца нават шматмесячны адыход ад піку — гэта ня тая сытуацыя, якая спрыяе выбуху народнага і любога іншага гневу.

Калі тэндэнцыя апошніх дзён захаваецца, то можна будзе сказаць, што Лукашэнку пранесла. І тады ўдасца правесьці выбары збольшага па традыцыйным сцэнары, калі эпідэмія спадзе да сярэдзіны лета.

Я сам не належу да прыхільнікаў жорсткага карантыну. І калі ў Эўропе пачнецца другая хваля, так бы мовіць, недахварэлі, то Лукашэнка будзе трыюмфатарам. Ён скажа — бачыце, чаго мы здолелі пазьбегнуць.

Таму я стаў менш драматычна ацэньваць палітычныя пэрспэктывы таго, што ў нас адбываецца, у параўнаньні з ацэнкамі месячнай даўнасьці.

Дракахруст: Рыгор, а як сытуацыя выглядае зь Лёндану? На беларускі вопыт, я падазраю, там ня надта зважаюць. Але непадалёк Швэцыя. Паказьнікі там не бліскучыя, але не італьянскія і не гішпанскія. Ці няма ў Брытаніі думкі, што вось можна было рабіць як у Швэцыі, і, можа, атрымалася б ня горш, чым з локдаўнам?

Астапеня: Беларусь у міжнародных мэдыя паказваюць інакш, чым Швэцыю. Я ўвесь час атрымліваю просьбы аб камэнтарах наконт сытуацыі ў Беларусі. Я ад іх ужо адмаўляюся. Бо адлюстраваньне Беларусі ў мэдыя — як абсалютна варʼяцкай краіны. Зыходзячы з таго, як Беларусь успрымаюць у сьвеце — у мэдыя, у САЗ, у палітычным істэблішмэнце заходніх краінаў — гэты вэрдыкт ёй ужо вынесены. Нават калі прырост штодзённых захворваньняў ня выплюхнецца за тысячу, будзе выснова, што Беларусь з пандэміяй ня справілася і павяла сябе безадказна. У значнай ступені такі вэрдыкт будзе вынесены дзякуючы рыторыцы Лукашэнкі. У Вялікай Брытаніі падтрымка карантыну ёсьць. Але ёсьць і грамадзкая стомленасьць і жаданьне, каб усё гэта скончылася.

На Швэцыю глядзяць са зьдзіўленьнем. Магчыма, мы пазьней зразумеем, што ж там рабілася. Швэдзкая статыстыка — не беларуская, яна дакладная і празрыстая. Цяпер на Швэцыю не глядзяць з захапленьнем, хутчэй як на нешта дэвіянтнае. Вельмі часта выступае дарадца швэдзкага ўраду, які кажа, што ёсьць толькі два засьцерагальныя захады, якія мэдычна абгрунтаваныя, — гэта мыць рукі і трымацца ад іншых людзей на адлегласьці 1,5 мэтра. Брытанцы ўспрымаюць гэта як безадказнасьць. Але ці маюць яны рацыю — гэта стане вядома толькі праз год.

Як пройдуць сёлетнія выбары?

Дракахруст: Да выбарчага дэдлайну засталося менш за 4 месяцы. Лукашэнка заявіў, што выбары абавязкова пройдуць, ніхто іх пераносіць не зьбіраецца. На думку некаторых, улада цяпер аслабела, страціла падтрымку значнай часткі нават свайго базавага электарату, на яе ўскладаюць віну калі не за эканамічныя нягоды, дык за нежаданьне неяк аблегчыць насельніцтву іх цяжар.

Ускосна гэта пацьвярджаюць і апытаньні SАТІО і Вардамацкага, якія канстатуюць глыбокую занепакоенасьць, калі ня роспач, беларусаў наконт іх цяперашняга становішча — з прычыны як эпідэміі, так і стану эканомікі. І ўва што ўвасабляецца гэтая занепакоенасьць і роспач, у якія формы? І як гэтыя чыньнікі могуць адбіцца на выбарчай кампаніі?

Шрайбман: Па-ранейшаму шмат што будзе залежаць ад таго, як будзе працякаць пандэмія ў Беларусі. Калі яна пойдзе па аптымістычным сцэнары, калі мы перажываем цяпер пік і далей пандэмія пойдзе на спад, то ў жніўні можна будзе праводзіць традыцыйную кампанію з хаджэньнем па кватэрах, зборам подпісаў, галасаваньнем на ўчастках.

У аптымістычным сцэнары нават людзі з уладнага апарату і яго базавага электарату, якія цяпер адвярнуліся ад яго, падумаюць — у прынцыпе справіліся, перажылі. Так, ён лішняга нагаварыў, ён ужо ня той, але сытуацыя складаная, эканоміка абрынаецца, а паколькі мы за стабільнасьць, то на пераправе коней не мяняюць. Гэта не стварае нейкіх перавагаў для апазыцыі, для альтэрнатывы. Бо ў апазыцыі мы бачым традыцыйныя звады. Праект праймэрыз, які напачатку здавалася нечым, што выбіваецца са шматгадовага шэрагу ганьбы, вярнуўся ў звыклую каляіну ганьбы.

Тыя, хто выступаў за вулічныя пратэсты — Севярынец, Статкевіч — сёньня ў авангардзе заклікаюць улады забараніць масавыя мерапрыемствы. Не зусім зразумела, як інструмэнталізаваць тэму пандэміі ў пратэставым руху. Калі вы супраць безадказнай улады, якая праводзіць парады, то як вы самі заклічаце сваіх прыхільнікаў выйсьці на плошчы? Як у Берасьці — на дыстанцыі і ў масках? Ня ўпэўнены, што гэта працоўны варыянт для Менску. Незразумела, хто наагул зможа сабраць подпісы ва ўмовах, калі людзей не цікавіць нічога, акрамя каранавірусу.

Для апазыцыі гэтая сытуацыя стварае ня менш праблемаў, чым для ўлады. Таму я ў выбарчым працэсе ня бачу ніякіх відавочных мінаў для ўлады. Іншая справа, што калі эпідэмія будзе разьвівацца па горшым сцэнары, калі абрынецца сыстэма аховы здароўя, то мяркую, што ўладзе будзе складана мабілізаваць сваю вэртыкаль на паслухмянае выкананьне камандаў. Калі ў людзей, якія сядзяць у выбарчых камісіях, будуць родныя, якія памерлі, будуць сваякі, якіх не прынялі ў шпіталі, бо месцаў не было, — пры такім апакаліптычным, «італьянскім» сцэнары я магу ўявіць сабе, што мэханізм выбараў дае збой на розных узроўнях. Але чым далей, тым менш імаверным мне здаецца, што мы ідзём да такога сцэнару.

Але калі сытуацыя будзе сапраўды гуманітарнай катастрофай, то Лукашэнка проста ўвядзе надзвычайнае становішча, маўляў, сытуацыя выйшла з-пад кантролю. А надзвычайная сытуацыя прадугледжвае скасаваньне выбараў.

Дракахруст: Рыгор, і ваш прагноз? І пытаньне — ці можа гэтая масавая фрустрацыя ўвасобіцца ў масавую няяўку на выбары, як яе ні называй — байкот, ігнор? У звычайнай сытуацыі заклікі да байкоту маюць абмежаваны плён. Але сытуацыя незвычайная. Тут узьнікае іншая матывацыя — я не іду галасаваць, бо не хачу рызыкаваць сваім жыцьцём, не хачу захварэць і памерці.

Астапеня: Калі б я цяпер удзельнічаў у гэтай кампаніі, я б хутчэй пайшоў на байкот, хоць усё жыцьцё быў праціўнікам байкоту. Але сёньня байкот меў бы пэўныя шанцы на посьпех. Сёньня існуе недавер да сыстэмы. І гэта выразная расколіна, якая ёсьць і ў грамадзтве, і ўнутры ўладнай сыстэмы. У нейкім сэнсе ў людзей адбываецца разьвітаньне з Аляксандрам Лукашэнкам.

Разуменьне гэтага будзе вастрэйшае, калі сытуацыя з пандэміяй пойдзе па апакаліптычным сцэнары. Але мяркую, што яно будзе, хоць і больш павольнае, і ў выпадку аптымістычнага сцэнару. І самае важнае — што цяпер Аляксандар Лукашэнка мае найгоршую магчымасьць выйграць выбары за ўсе апошнія гады. Электаральна ён цяпер самы слабы за ўсю гісторыю яго кіраваньня. Зразумела, што каб перамагчы яго праз 4 месяцы, патрэбны неверагодны кактэйль з мужнасьці і ўдачы. Адзінае, што апазыцыя можа зрабіць, — гэта давесьці да грамадзтва і часткі ўлады думку, што з Лукашэнкам прыйшоў час разьвітвацца.

Але тут шмат залежыць ад выканаўцаў. Калі мы бачым тое, што адбываецца ў апазыцыі — так не выглядаюць людзі, якія робяцца прэзыдэнтамі.

Шрайбман: Я згодны з думкай, што рэйтынг Лукашэнкі цяпер мінімальны, і то з прычыны як стану эканомікі, гэтак і ягонага стаўленьня да людзей. І згодны з тым, што менавіта сёньня байкот можа быць, як тое ні дзіўна, самай кансалідуючай стратэгіяй. Ён можа быць для апазыцыі і ўратавальнай стратэгіяй — каб не дэманстраваць сваю відавочную слабасьць — рэсурсавую, фінансавую, кадравую. Калі раней байкот быў доляй маргіналаў нават унутры апазыцыі, сёньня такое адчуваньне, што да кампаніі дойдзе толькі «Гавары праўду» з усёй апазыцыйнай «тусоўкі». Так, у байкоту ёсьць патэнцыял, асабліва сярод апазыцыйнага электарату. Але далей у мяне пытаньне — як канвэртаваць гэта ў палітычныя зьмены?

Я ня ведаю адказу, на шчасьце прыхільнікаў улады і на жаль — для яе праціўнікаў. Мы ведаем, што традыцыйна ў нас яўка была, паводле апытаньняў НІСЭПД, большая за 50%. Каля 60%. Ну, прыйдзе зараз 45%. Улада дакруціць 20 адсоткавых пунктаў, гэта стане цяпер больш відавочна. Улада можа сказаць, што гэтым разам прыйшло менш з прычыны вірусу. Напішуць 70%, людзі будуць разумець, што насамрэч прыйшло 40–45%. І што рабіць далей з гэтым разуменьнем? Вы бачылі недзе і некалі пратэсты, каб людзі выходзілі на вуліцы з пратэстам супраць фальсыфікацыі яўкі на выбары? Пратэставаць людзі могуць з прычыны скрадзенай перамогі.

Так што гэта сапраўды сурʼёзны выклік для ўлады, для яе легітымнасьці. Я ня ўпэўнены, што Лукашэнка да канца сваёй палітычнай карʼеры здолее перажыць той рэйтынгавы ўдар, які ён перажывае цяпер. Але гэта аўтаматычна не вядзе да палітычных пераменаў. Больш за тое — гэта можа прывесьці да бруталізацыі рэжыму. Стане зразумела, што абапірацца на шчырую падтрымку ён больш ня можа. А будзе вымушаны спадзявацца ў пэўным сэнсе на штых.

Я прадбачу ў Беларусі гады сацыяльнай дэпрэсіі. Ня тое што раней мы былі ў эўфарыі, але мне здаецца, што ўсё будзе больш змрочна пры любым сцэнары разьвіцьця пандэміі.

Дракахруст: Прагноз Арцёма нагадвае словы героя савецкага сэрыялу «Месца сустрэчы зьмяніць нельга»: «Няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна». Сапраўды няма?

Астапеня: Думаю, што ёсьць. Гэтую кампанію сапраўды ніякім чынам нельга прывесьці да таго, што Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам. Але ці магчыма прывесьці да гэтага наступную кампанію? Гэта доўгатэрміновы працэс, які можа заняць некалькі гадоў. Можна прыгадаць лёс прэзыдэнта Эгіпту Мубарака. Ён чарговым разам перамог на выбарах, а праз пару гадоў яго накрыла «арабская вясна». Самае вялікае пытаньне цяпер — гэта пытаньне альтэрнатывы. Ці зьяўляецца альтэрнатыва, якая будзе ўспрынятая грамадзтвам як нешта прывабнае? Калі б у нас быў свой Навальны, ён бы меў у Беларусі вялікую падтрымку. Праблема ў тым, што яго ў Беларусі няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG