Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская амбасада ў ЗША абвінаваціла ляўрэатаў Пуліцэра ў русафобіі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Расейская амбасада ў Вашынгтоне назвала сэрыю матэрыялаў газэты The New York Times, уганараваную Пуліцэраўскай прэміяй 2020 году, «выдатным зборнікам неразьведзеных русафобскіх выдумак», якія можна вывучаць «у якасьці дапаможніка для стварэньня лжывых фактаў». Паведамленьне разьмешчана на старонцы амбасады ў «Фэйсбуку».

Уручэньне самай прэстыжнай амэрыканскай узнагароды ў галіне журналістыкі і літаратуры прайшло ў ноч на аўторак паводле менскага часу.

Прэмію ў міжнароднай журналістыцы далі The New York Times за асьвятленьне «драпежнага» рэжыму Ўладзіміра Пуціна ў Расеі.

Пуліцэраўскую прэмію ў галоўнай намінацыі «За служэньне грамадзтву» атрымалі газэта Anchorage Daily News і інтэрнэт-выданьне ProPublica за сэрыю публікацыяў супольнага расьсьледаваньня сэксуальнага гвалту на Алясцы.

Узнагароду ў намінацыі «Навіновая фатаграфія» атрымалі фатографы агенцтва Reuters за фотарэпартажы з пратэстаў у Ганконгу.

Прэмію за выдатную падачу сэнсацыйнага матэрыялу атрымала выданьне Courier-Journal з Кентукі за матэрыялы пра ўказы аб памілаваньнях губэрнатара Мэта Бэвіна.

Узнагароду за выдатнае расьсьледаваньне атрымаў карэспандэнт New York Times Браян Розэнталь, які расказаў, як тысячы нью-ёрскіх таксістаў сталі ахвярамі злачыннага крэдытаваньня.

За тлумачальную журналістыку ўзнагародзілі The Washington Post, якія паказалі ўзьдзеяньне экстрэмальных тэмпэратураў на плянэту.

Асаблівую адзнаку далі працы памерлай у 1931 годзе Іды Б. Уэлс за асьвятленьне гвалту супраць афраамэрыканцаў у «эру лінчаваньня».

Пераможцы ў іншых намінацыях названыя тут.

Пуліцэраўская прэмія лічыцца самай прэстыжнай узнагародай у амэрыканскай журналістыцы, прысуджаецца з 1917 году паводле завяшчаньня выдаўца Джозэфа Пуліцэра.

Абвяшчэньне ляўрэатаў сёлета было адкладзенае на два тыдні, бо некаторыя журналісты з Пуліцэраўскай камісіі былі занятыя асьвятленьнем пандэміі каранавірусу і не пасьпелі ацаніць усіх прэтэндэнтаў. Звычайна прэмію ўручаюць у прысутнасьці вялікай аўдыторыі ў Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку, але цяпер адміністратарка прэміі абвясьціла ляўрэатаў з уласнай гасьцёўні пасьля таго, як чальцы камісіі выбралі фіналістаў па выніках віртуальных дыскусіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG