Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін узнагародзіў Кім Чэн Ына мэдалём да юбілею перамогі ў Вялікай Айчыннай


Кім Чэн Ын (зьлева) і Ўладзімір Пуцін ва Ўладзівастоку 25 красавіка 2019

Паводле ўказу прэзыдэнта Расеі, кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын узнагароджаны юбілейным мэдалём «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Пра гэта паведаміла расейская амбасада ў КНДР.

Узнагароду Кім Чэн Ын атрымаў за «за вялікі асабісты ўнёсак ва ўвечненьне памяці загінулых і пахаваных на тэрыторыі КНДР савецкіх грамадзян і праяўлены клопат аб захаванасьці пахаваньняў і мэмарыялаў савецкіх воінаў у рэспубліцы».

5 траўня расейскі амбасадар Аляксандар Мацэгора перадаў мэдаль міністру замежных справаў Паўночнай Карэі Лі Сон Гвону.

Днямі дзяржаўныя сродкі інфармацыі Паўночнай Карэі паведамілі пра першае зьяўленьне лідэра дзяржавы Кім Чэн Ына на публіцы за 20 дзён.

1 траўня Кім Чэн Ын адкрыў завод фосфарных угнаеньняў, паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.

На цырымоніі Кім урачыста перарэзаў стужку, і «бурліва залуналі воклічы ўсіх удзельнікаў „Ура!“ на знак пашаны да шаноўнага найвышэйшага кіраўніка, які ў авангардзе кіруе ўсенароднай генэральнай барацьбой за ўсебаковае ажыцьцяўленьне вялікай справы будаўніцтва магутнай дзяржавы і войска на падставе ўласных сілаў і праслаўляе на найвышэйшым узроўні дзяржаўную моц і годнасьць сацыялістычнай Карэі», а «шаноўны найвышэйшы кіраўнік цёпла махаў рукой поўным бязьмежнай радасьці будаўнікам і масам».

Да таго апошні раз Кім Чэн Ына бачылі 11 красавіка. А 15 красавіка яго не было на галоўным сьвяце дзяржавы, Дні Сонца, які сьвяткуецца ў дзень нараджэньня ягонага дзеда Кім Ір Сэна. Гэта выклікала мноства чутак пра ягонае здароўе — аж да сьмерці ад апэрацыі на сэрцы (бо ў хірурга нібыта трэсьліся рукі).

28 красавіка паўднёвакарэйскі міністар у справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль патлумачыў, што Кім Чэн Ын не зьяўляецца на публіцы праз строгія меры, прынятыя, каб не дапусьціць выбуху каранавірусу.

Паўночная Карэя сьцьвярджае, што ў краіне няма пацьверджаных выпадкаў COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG