4 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану абвясьціла аб спыненьні парлямэнцкіх паўнамоцтваў Дарыгі Назарбаевай, старэйшай дачкі былога прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева.
ЦВК прыняла такое рашэньне на нарадзе ў справе выкананьня адпаведнага рашэньня прэзыдэнта краіны Касіма-Жамарта Такаева. 2 траўня Такаеў падпісаў указ аб прыпыненьні паўнамоцтваў дэпутаткі сэнату Дарыгі Назарбаевай.
Назарбаева стала сьпікеркай сэнату парлямэнту 20 сакавіка 2020 году, у дзень адстаўкі бацькі з пасады прэзыдэнта. Яна працавала ў сэнаце з 2016 году, атрымаўшы мандат паводле ўказу Назарбаева-старэйшага. Яе прызначэньне дэпутаткай расцэньвалася як спроба экс-прэзыдэнта падрыхтаваць сабе спадкаемцу.
Згодна з Канстытуцыяй Казахстану, сьпікер сэнату займае першае месца ў чарзе на пасаду прэзыдэнта ў выпадку адстаўкі або сьмерці дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Да прыходу ў сэнат Назарбаева была намесьніцай прэм’ер-міністра Казахстану. У 2012-2015 гадах яна была дэпутаткай і віцэ-сьпікеркай мажылісу — ніжняй палаты парлямэнту.
Нурсултан Назарбаеў узначальваў Казахстан ад 1990 да 2019 году.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com