Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці затрымалі ўдзельнікаў «кармленьня галубоў» і вызвалілі актывіста Андрасюка, які адбыў 15 сутак

абноўлена

Пратэст у Берасьці 26 красавіка
Пратэст у Берасьці 26 красавіка

3 траўня ў Берасьці пасьля завяршэньня акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу быў затрыманы як найменей адзін актывіст. Пра яшчэ затрыманьне Свабодзе расказаў мясцовы праваабаронца Раман Кісьлюк.

«Пра затрыманага мы толькі ведаем, што яго клічуць Андрэй. Ён гэтак называўся падчас стрыму. Ён быў зь бел-чырвона-белым сьцягам, і калі ўдзельнікі „кармленьня галубоў“ рушылі па Савецкай вуліцы, за ім ішлі міліцыянты. Ад кінатэатру „Беларусь“, дзе завяршылася акцыя, з вуліцы Савецкай малады чалавек пайшоў іншымі вуліцамі і там у дварах яго затрымалі міліцыянты і пасадзілі ў службовы аўтамабіль. Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін гэта сам бачыў. Пра іншыя затрыманьні нам нічога невядома», — сказаў Раман Кісьлюк.

Дзяжурны Ленінскага РАУС Берасьця інфармацыю пра затрыманьне ўдзельніка акцыі не пацьвердзіў. «Да нас нікога з акцыі не прывозілі», — сказаў дзяжурны.

Да 250 чалавек, паводле БелаПАН, бралі ўдзел у чарговым «кармленьні галубоў» у цэнтры Берасьця. Пасьля сустрэчы праціўнікі дзейнасьці акумулятарнага завода прайшлі з плошчы Леніна па Пушкінскай і Савецкай вуліцах да кінатэатру «Беларусь». Паводле праваабаронцаў, якія назіралі за акцыяй, падчас шэсьця людзі скандавалі «Не заводу АКБ», «Чыноўнікаў на нары», «Свабоду актывістам».

Раніцай 3 траўня пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў у 15 сутак на волю меліся выйсьці мясцовыя актывісты Аляксандр Кабанаў і Дзьмітрый Андрасюк. «Акцыя закончылася каля 14 гадзін, але на той момант пра тое, дзе знаходзяцца Кабанаў і Андрасюк нам было невядома», — распавёў праваабаронца Раман Кісьлюк. Паводле праваабаронцы, толькі блізу 16 гадзіны стала вядома, што на волю выйшаў Ўладзімер Андрасюк.

«Пакуль ёсьць зьвесткі толькі пра Андрасюка — ён выйшаў на сувязь. Яго без тлумачэньняў пратрымалі ў РАУС некалькі гадзін — відаць, каб не далучыўся да „кармленьня галубоў“. Дзе дакладна Аляксандар Кабанаў, яшчэ ня ведаем. Нібыта яго адвезьлі далей ад гораду. Высьвятляем», — сказаў Раман Кісьлюк.

Тое, што актывісты Аляксандр Кабанаў і Дзьмітрый Андрасюк не былі своечасова вызваленыя пасьля адміністрацыйнага затрыманьня праваабаронцы Берасьця параўналі са зьнікненьнем і накіравалі скаргу ў працоўную групу па адвольных затрыманьнях, якая дзейнічае пры Радзе па правах чалавека ААН.

«Сам факт іх арышту за удзел ў мірных акцыях пратэсту выклікае наш безумоўны пратэст, але тое, што іх ня вызвалілі сваечасова — гэта ўжо зусім недапушчальна. Цяпер беларускі ўрад будзе за гэта адказваць перад Камітэтам ААН па правах чалавека», — мяркуе праваабаронца Раман Кісьлюк.

АБНОЎЛЕНА: Паводле зьвестак на вечар 3 траўня, былі затрыманыя тры ўдзельнікі пратэстнай акцыі супроць акумулятарнага заводу: да актывіста Андрэя, якога АМАП затрымаў непадалёк ад кінатэатру «Беларусь», дадалася інфармацыя пра яшчэ двух затрыманых.

«Імёнаў ня ведаем, але сьведкі бачылі, як таксама амапаўцы затрымалі двух актывістаў», — сказаў Раман Кісьлюк.

Паводле праваабаронцы, словы дзяжурнага Ленінскага РАУС пра тое, што ён не афармляў пратаколаў на затрыманых актывістаў, не азначаюць, што затрыманьняў не было. «Людзей могуць прывезьці ў РАУС, перапісаць дадзеныя і трымаць да загаду начальства. Так у нас ужо было», — сказаў Кісьлюк. Паводле яго, сувязі з актывістам Аляксандрам Кабанавым, якога мусілі вызваліць раніцай 3 траўня зь міліцыі, у праваабаронцаў дагэтуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG