Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ковід, кароль малекул, прыйшоў нагадаць». Сяргей Дубавец пра тое, як каранавірус зьмяняе наша жыцьцё


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кажуць, жыцьцё ўжо ня будзе ранейшым. Гэта я ўвесь час прачытваю ў інтэрнэце. І адначасова кажуць, што ў Эўропе і Амэрыцы людзі прагнуць вярнуцца да ранейшага жыцьця. Іх галасы чуваць у тэлевізары.

Прынамсі на нейкі час мы адчулі ў паветры меней смогу, у прэсе меней хлусьні, у сьвеце меней вайны. Гэта значыць, што ўвогуле Ковід прыйшоў з пазытыўнай праграмай, адцягнуўшы нас ад нашых глябальных бед. Расслабленыя напружыліся, а напружаныя захавалі сур’ёзныя міны.

Чалавек-шкоднік

Ковід ня стаў і ня стане цывілізацыйным выпрабаваньнем, бо ён ня зьменіць каштоўнасьцяў цывілізацыі. Ён стаў тэстам для сыстэмаў, а для беларусаў — тэстам на крытычнае мысьленьне і адпорнасьць грамадзтва таму, каб аўтарытарная ўлада перарасла ў тыранію. Адначасова грамадзтва стала далей ад улады, якая ўжо даўно стала далей ад грамадзтва.

Але ў цэлым нічога новага пад сонцам. Як казаў Чэслаў Мілаш, «іншага канца сьвету ня будзе». Чалавек даўно здагадваўся, што ён зусім не на карысьць гэтай зямлі, на якой жыве і паводзіць сябе так, быццам яна сама па сабе, а ён самі па сабе. І вось Ковід прыйшоў нагадаць.

Галоўны сеціўны мэм у часы пандэміі: «Прырода ачысьцілася настолькі, што...». Інтэрнаўты ўзіраюцца ў рэчаіснасьць і робяць трапныя рэфлексіі.

Прырода ачысьцілася...

«Прырода ачысьцілася настолькі, што нафта гандлюецца ў мінус... што з расейскага тэлевізара зьнікла Ўкраіна... што на турэцкі курорт Мармарыс вярнуліся дзікія кабаны... што мне вярнуліся 5 кг, скінутыя ў верасьні... Прырода ачысьцілася настолькі, што ў Шабаны вярнуліся гопнікі, а ў беларускія вёскі — барыста, маркетолягі і трэнэры асабістага росту».

У Беларусі альгарытм дачыненьняў улады і грамадзтва падобны на альгарытм дачыненьняў чалавека і прыроды. Прырода ачысьцілася настолькі, што... самі людзі, мэдыкі, валянтэры, здаецца, маглі б хутчэй даць рады пандэміі, калі б не ўмяшаньне чыноўнікаў. Настаўнікі і вучні самі наладзілі дыстанцыйную школу і ўсё было б добра, калі б не ўмяшаньне чыноўнікаў, якія прыдумалі неатэстацыю. Гэта значыць, што прырода яшчэ не ачысьцілася настолькі, каб зьніклі нікому не патрэбныя міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, культуры, інфармацыі, а разам зь імі адміністрацыя прэзыдэнта, армія ідэолагаў і найвялікшыя ў сьвеце рэпрэсіўныя органы на душу насельніцтва...

Лаўлю сябе на думцы, што да гэтых прэзыдэнцкіх выбараў у нас няма (нават гіпатэтычна) ніводнай хоць крыху прывабнай і сувымернай задачам кандыдатуры. То бок прырода ачысьцілася настолькі, што ўжо ня мае нічога агульнага з гэтым гіпнозам.

Гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя зьнішчэньня: самога сябе і асяродзьдзя, у якім яно жыве, у тым ліку вірусаў, якія таксама складаюць гэтае жыцьцё, як звонку чалавека, так і ўнутры. Кажуць, Ковід цяпер будзе жыць з намі. І мы павінны знайсьці агульную мову, калі ня хочам самазьнішчэньня. Але ці будзе для нас гэта якім-небудзь урокам? Пытаньне.

Кандыдат «ад нас» немагчымы

Здольнасьць беларусаў да самаарганізацыі зусім ня значыць, што з асяродзьдзя мэдыкаў ці валянтэраў, ці настаўнікаў прыйдуць новыя палітыкі. Гэтая салідарнасьць носіць «сэзонны» характар. Бо ўлада, якая даўно самаізалявалася ад грамадзтва, саму сябе зьвяла да адной функцыі — ня даць гэтай салідарнасьці прыняць арганізаваныя формы.

Можна, вядома, уключыць фантазію, дзе кандыдатам «ад нас» будзе, напрыклад, банкір Бабарыка ці пісьменьнік Арлоў, ці настаўніца Севярынец. Але ў рэальнасьці гэта немагчыма, бо актыўнасьці ўлады і грамадзтва перасталі судакранацца ў хоць якім узаемадзеяньні і могуць толькі сутыкацца. Параўнайма з сытуацыяй 2015 году, калі на выбары ішла Тацяна Караткевіч. Пры ўсіх магчымых умоўнасьцях, гэта была кандыдатка альтэрнатывы. Дык вось сёньня прырода ачысьцілася настолькі, што нараджаць сваіх герояў яна можа, але лінію самазьнішчэньня ім ужо хопіць розуму не пераступаць.

Гармонія і парадак

Схематычна мне гэта бачыцца як супрацьстаяньне дзьвюх формаў арганізацыі жыцьця: гармоніі і парадку. Гармонія нараджаецца з хаосу, а парадак — са зьнішчэньня хаосу (зь якога нараджаецца гармонія). Гармонія — гэта шлях чалавечае цывілізацыі, парадак — шлях барбараў. Беларускае грамадзтва жыве на прынцыпах гармоніі, а тутэйшая ўлада — на прынцыпах парадку.

Калісьці ў чарнобыльскай зоне я назіраў за адной адселенай вёскай, у якой бываў раз на пару гадоў. Хаты стаялі, як звычайна, абапал пясчанай дарогі. І вось год за годам гэтая драўляная вёска пад дажджамі-сьнягамі-вятрамі лягала долу. Журботная была карціна — абваленыя стрэхі, абрушаныя сьцены, усё зарослае бадыльлём. Але праз дваццаць гадоў нічога ўжо не было відаць, ні хат, ні дарогі. На месцы вёскі падняўся прыгожы малады лес.

Пандэмія ня зьменіць нам прынцып арганізацыі жыцьця з гармоніі на парадак ці наадварот. Бо несамастойная і бессэнсоўная сыстэма ўлады ўсё больш нагадвае тыя разваленыя стыхіяй хаты. Тым часам грамадзтва ўсё больш ператвараецца ў той малады лес.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG