Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра энцыкляпэдыста Алеся Петрашкевіча, які бараніў Нямігу і ненавідзеў «леніных, урыцкіх, валадарскіх...»


Алесь Петрашкевіч

1 траўня споўнілася б 90 гадоў драматургу, пісьменьніку, кандыдату гістарычных навук Алесю Петрашкевічу (1930-2012). Свабода публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.

Ён быў адзін з актыўных стваральнікаў «Беларускай энцыкляпэдыі». Спачатку ў ролі адказнага сакратара (1967-75), потым — намесьніка галоўнага рэдактара (1979-91) выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» і кіраўніка цэнтру па выданьні гістарычна-дакумэнтальных хронік «Памяць» (1991-98).

Працуючы ў цэкоўскай намэнклятуры (загадчык сэктара і аддзела культуры), Петрашкевіч тым ня менш рабіў захады, каб выратаваць Нямігу ад руйнаваньня, змагаўся супраць разбурэньня цэркваў. У савецкія часы пісаў палемічныя артыкулы, дзе выяўляў шкоду, якую прыносіць экалёгіі Салігорску калійны камбінат. У сваіх шматлікіх гістарычных п’есах імкнуўся паказаць вядомыя гістарычныя постаці (Скарына, Гусоўскі) жывымі, некананічнымі асобамі.

Герб яго продкаў быў такім жа, як і ў Дуніна-Марцінкевіча

«Ёсьць падставы меркаваць, што прашучры з роду Петрашкевічаў належалі да шляхты, бо карысталіся старажытным гербам Лебедзь... якім карысталіся таксама... Багдановіч,... Буйніцкі,... Дунін-Марцінкевіч...»

Засмучаўся з-за гістарычнай абыякавасьці сына «Калі пахаваюць мяне самога далёка ад роднай крыніцы, не паедзе яе чысьціць мой сын, як некалі не паехаў, каб паглядзець і запомніць магілу... свайго прапрадзеда. І крыўдуй тут ці ня крыўдуй — нічога не паправіш, — зьнікла ў людзей патрэба шанаваць магілы продкаў і ратаваць родавыя крыніцы...».

У дзяцінстве ганарыўся бацькам, які разбурыў царкву

«...Не ацалела (у 1930-ыя гг. — РС) і сьвятыня: царква-прыгажуньня, збудаваная арцельлю дойлідаў у 1795, якую ўзначальваў Васіль Былінскі — мой прапрадзед... Бурыць... царкву загадлі... прапраўнуку... майму бацьку. А ён адмовіўся і ніякае мясцовае начальства яго пераканаць не здолела. Тады прыехала «энкэвэдэ» з раёна... Пагроза трапіць да «ворагаў народа»... так паўзьдзейнічала на бацьку, што ён... і брыгаду сваю прывёў. ... я глядзеў, задраўшы галаву,,, мне ўсё карцела: а ці ведаюць гэтыя людзі, што на званіцы зараз менавіта мой бацька... Хоць было і страшна, але ганарыўся бацькам-«героем».

Гісторыкаў захапляла праўдзівасьць яго гістарычных п’ес

Паводле Анатоля Грыцкевіча, «...усе тэксты п’ес адпавядаюць рэчаіснасьці: «Па іх можна вывучаць гісторыю... усе творы дакумэнтальна вывераны. Усё верагодна ў вышэйшай ступені...».

Яго самы шчасьлівы час — перабудова і да прыходу Лукашэнкі

«Шчасьлівай аддушынай і воляй ад уціску партыі, цэнзуры і ананімшчыкаў былі толькі некалькі перабудовачных гадоў да першых прэзідэнцкіх выбараў. За гэты час удалося ўратаваць ад выродлівасьці некалькі энцыкляпэдычных выданьняў. А самаму важнаму з іх — «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» не пашанцавала. Разам з «Пагоняй» зь яго вышкраблі душу і фактычна не пусьцілі артыкул нават пра Курапаты.

Алесь Петрашкевіч
Алесь Петрашкевіч

Лічыў, што ў кіраўнікоў «Беларускай энцыкляпэдыі» бальшавіцкае мысьленьне

«...Прыклалі свой „талент“ прэзідэнцкія палкоўнікі і да таго, каб фактычна разбурыць „Інбелкульт“, як у народзе іменавалі „БелЭН імя Петруся Броўкі“. Цяпер пад пільным наглядам цэрбераў ад навукі яно лепіць з некалі выдадзеных галіновых савецкіх энцыкляпэдый адну Вялікую, але вымушана больш з іх выскрабаць, чым уносіць новага ці забытага старага.... Кадравы склад БелЭН зьмяніўся кардынальна... кіраўніцтва: халуяжна-паслухмянае... па сьветапогляду бальшавіцкае...».

Абураўся спробамі ўладаў забараніць спэктакль «Тутэйшыя»

«...па-дурному зьяўляецца сымптаматычным і ганебным той факт, што спэктакль на пʼесе „Тутэйшыя“ у 2002 годзе чыноўнікі былі вычысьцілі з Акадэмічнага тэатра, што носіць імя Янкі Купалы. Забаранілі напярэдадні 80-годзьдзя тэатра і 120-годзьдзя аўтара „Тутэйшых“, чым яшчэ раз пацьвердзілі ня толькі сваю тутэйшасьць, але пасьля былі вымушаны абуранай грамадзкасьцю вярнуць спэктакль пад сьвятло рампы».

З жахам выказваўся пра мінулае і сёньняшняе гістарычнай спадчыны ​Беларусі

«Рэстаўрацыя... нам бы сёньня хоць руіны... зьберагчы... А там, калі пабагацеем ды паразумнеем, можа яшчэ што і адрэстаўруем, ці занава адбудуем, як гэта ў цывілізаваных краінах... робіцца... А сёньня мы маем усё яшчэ тое ж разбурэньне і руйнаваньне, нібы пракляцьцё якое павісла над нашай зямлёй. Прыклады таму — Верхні горад у Менску, які нішчыў мэтрабуд, або стары вакзал у Горадні, які зьнішчылі будаўнікі-чыгуначнікі... Фактаў жа варварскага зьнішчэньня курганоў і гарадзішчаў многія дзясяткі. Іх зьнішчэньне кіраўнікі калгасаў і саўгасаў называюць акультурваньнем палёў, на якіх хлеб расьце... Калом у горле становіцца такі хлеб».

Абураўся назвам вуліц беларускіх гарадоў

«Толькі гістарычнай несправядлівасьцю можна вытлумачыць, што іх (беларускіх нацыянальных дзеячоў. — РС) памятныя мясьціны пры нашай затурканасьці занялі і трымаюць за сабой сьвярдловы, урыцкія, валадарскія, леніны ды мясьніковы, якія акрамя пакут і прыніжэньня нічога беларускаму народу не прынесьлі...».

Расчараваў Уладзімера Караткевіча

«...Ранічкай, яшчэ да дзевяці гадзін, раздаецца тэлефонны званок:

— Што вы там... такую вашу і разгэтакую маць, робіце ў сваім ЦК?!

Пазнаю голас Уладзімера Караткевіча.

— ... Што здарылася?

— ... у вёсцы... разьбіраюць зруб драўлянай царквы незвычайнай прыгажосьці. Семнаццатае стагодзьдзе. Збудавана без адзінага цьвіка. Лічыцца помнікам і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Абяцаю Ўладзімеру Сямёнавічу падняць усё жывое. А веру сабе, а ён верыць мне. Адразу ж званю сакратару райкама. Той робіць выгляд, што нічога не ведае, але абяцае разабрацца... Назаўтра ён мне звоніць і паведамляе, што нехта ноччу абліў царкву саляркаю і спаліў. Я не сумняваўся, што што гэта было зроблена па яго камандзе.. Няма царквы — няма праблемы. А Ўладзімер Сямёнавіч... скажа мне пры сустрэчы:

— Мудакі вы ўсе... і ўся ваша сыстэма мудакаватая, з самай гары да балота».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу была выкарыстана кніга Алеся Петрашкевіча «Крыніцы і каламуць», Менск, 2008.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG