У горадзе Гавар у Армэніі адбыліся масавыя беспарадкі. У выніку затрымалі некалькі чалавек і завялі некалькі крымінальных спраў. Двух чалавек забілі, яшчэ шэсьць атрымалі раненьні, паведамляе армянская служба Радыё Свабода.
Паводле губэрнатара Ґехаркуніцкай вобласьці Гнела Санасьяна, спачатку адбылася страляніна, у якой загінулі два чалавекі. Двое нападнікаў зьехалі на аўтамабілі, але трапілі ў аварыю, і іх даставілі ў Гаварскую лякарню.
Далей каля лякарні сабраліся людзі, у тым ліку сваякі і сябры загінулых, агулам каля 500 чалавек. Некаторыя з гэтых людзей, узброіўшыся палкамі і нажамі, прарвалі паліцэйскае ачапленьне ў лякарні, уварваліся ў будынак і, дабраўшыся да палаты, дзе ляжалі параненыя ў аварыі, перарэзалі ім горла.
Паводле губэрнатара, паліцыя перакінула ў Гавар падмацаваньне зь Ерэвану.