Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываў каранавірус на пастаўкі ўкраінскай раньняй гародніны ў Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Хэрсонскія памідоры і перцы павязуць у Беларусь, нягледзячы на адміністрацыйныя бар’еры, каранавірус і карантын.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Хэрсонскія фэрмэры, якія вырошчваюць раньнюю гародніну, на выходных выйшлі на акцыю пратэсту, патрабуючы ад уладаў аднаўленьня працы гуртовых рынкаў і забароны ўвозу сельгаспрадукцыі з-за межаў Украіны.

Немагчымасьць збыту прадукцыі на ўнутраным рынку можа выклікаць зьнішчальны для іх бізнэсу ланцужок — адсутнасьць абаротных сродкаў на далейшае вырошчваньне сельскагаспадарчай прадукцыі, і як вынік — банкруцтва.

Улады Ўкраіны хутка адрэагавалі на пратэсты фэрмэраў — харчовыя рынкі, і ня толькі гуртовыя, абяцаюць адкрыць. Але ня ўсе.

Тым часам ва Ўкраінскай пладова-гародніннай асацыяцыі, якая аб’ядноўвае большасьць экспартаарыентаваных вытворцаў гэтай прадукцыі, пераконваюць, што на экспартныя пастаўкі, у тым ліку ў Беларусь, сытуацыя крытычна не паўплывае.

Беларускі рынак — прыярытэтны для Ўкраіны

У студзені-лютым 2020 году (статыстыкі за іншыя месяцы пакуль няма) Украіна прадала ў Беларусь агуркоў, памідораў, салодкага перцу, шампіньёнаў і сумесі з гародніны амаль на 200 тысяч даляраў. У агульным тавараабароце гэта не найбольшы адсотак у параўнаньні зь іншай прадукцыяй.

Аднак адмыслоўцы адзначаюць, што беларускі рынак для ўкраінскіх вытворцаў сельгаспрадукцыі істотны. У залежнасьці ад году і сэзону, ён займае першыя месцы пасьля рынку Эўразьвязу.

Фёдар Рыбалка
Фёдар Рыбалка

«Цяпер пастаўкі ажыцьцяўляюцца ў звычайным рэжыме, бо насамрэч яшчэ не сэзон для экспарту раньняй гародніны. Ён актывізуецца, паводле нашых ацэнак, празь некалькі тыдняў, хутчэй за ўсё — у канцы траўня. Іншая прадукцыя, напрыклад, яблыкі, пастаўляецца ў тым жа рэжыме, што быў і да карантыну», — сказаў Свабодзе дырэктар Украінскай пладова-гародніннай асацыяцыі Фёдар Рыбалка.

Паводле яго, фэрмэры патрабавалі актывізацыі менавіта ўнутранага рынку, бо праз карантын зьнізіўся попыт на іхную прадукцыю:

«Яны таксама патрабавалі забараніць імпарт аналягічнай прадукцыі, але мы гэтага ня можам зрабіць, бо ў нас ёсьць абавязаньні перад партнэрамі па Эўразьвязе і Сусьветнай гандлёвай арганізацыі».

Украінскі фэрмэр спыніў продажы ў Беларусь

Фэрмэрская гаспадарка «Адэлаіда», якая займаецца вырошчваньнем раньняй бульбы ў Хэрсонскай і Жытомірскай абласьцях, спыніла сваю працу зь Беларусьсю. Яе кіраўнік Сяргей Рыбалка кажа ў інтэрвію Свабодзе, што прычына не ў каранавірусным карантыне:

Сяргей Рыбалка
Сяргей Рыбалка

«Ня думаю, што сёлетні карантын дадасьць нейкіх асаблівасьцяў, бо ў Беларусі і раней было складана атрымаць усе дазволы. Мы ўжо і летась не пастаўлялі сваю прадукцыю, бо сталі больш жорсткімі адпаведныя карантынныя патрабаваньні. Апроч таго, летась на ўнутраным рынку Ўкраіны цана была вышэйшая, чым у Беларусі. Наколькі гэта будзе цікава сёлета, пакуль не магу сказаць. Мы пастаўлялі менавіта раньнюю бульбу, і наш пэрыяд паставак быў у канцы траўня — пачатку чэрвеня», — сказаў Свабодзе Сяргей Рыбалка. Ягонае прадпрыемства раней пастаўляла ў Беларусь да адной тысячы тон раньняй бульбы ў сэзон.

Ва ўмовах розных кірункаў інтэграцыі Беларусі і Ўкраіны — адпаведна, Мытны саюз і Эўразьвяз, — украінскія вытворцы, каб замацавацца на беларускім рынку, мусяць пераадольваць дадатковыя бар’еры.

«Спэцыфіка ў тым, што ўсярэдзіне Мытнага саюзу экспартна-імпартныя апэрацыі адбываюцца хутчэй. А зь мінулага году яшчэ ўвялі дадатковы рэглямэнт — нам цяпер прадукцыю трэба пакаваць, у той час як з краін Мытнага саюзу прадукцыя можа ехаць навалам. Яшчэ адзін момант — розныя стаўкі ПДВ. Такім чынам, пастаўшчыкі з краін Мытнага саюзу маюць дадатковыя канкурэнтныя перавагі, і, адпаведна, яны скарачаюць нашыя магчымасьці для манэўру. Але мы змагаемся, не здаёмся, думаем над альтэрнатыўнымі лягістычнымі шляхамі», — кажа Фёдар Рыбалка.

Дняпро дапаможа

Ва Ўкраінскай пладова-гародніннай асацыяцыі разьлічваюць на аднаўленьне рачнога шляху ў Беларусь па Дняпры:

«Калі мы зможам па рацэ пастаўляць у Мазыр ці Камарын, то такім чынам мы зможам канкураваць з прадукцыяй з Мытнага саюзу за кошт скарачэньня лягістычных выдаткаў і фармаваньня большых партый».

Фёдар Рыбалка мяркуе, што карантын і крызіс прывядуць да трансфармацыі галіны:

«Неэфэктыўныя прадпрыемствы збанкрутуюць, сыдуць з рынку. Можа адбыцца кансалідацыя і аб’яднаньне прадпрыемстваў. Гэта аб’ектыўны працэс. Так, з аднаго боку, крызіс створыць вялікія праблемы для галіны ў кароткачасовай пэрспэктыве, але ў доўгатэрміновай — мацнейшыя прадпрыемствы выжывуць і прыстасуюцца. У нас экспарт пладова-гародніннай прадукцыі займае невялікую долю — усяго 5–10 адсоткаў у залежнасьці ад сэзону, таму для нас галоўную ролю грае ўнутраны рынак, які зьяўляецца базісам, асновай і хрыбтом галіны».

Цяпер украінскія ўлады распрацоўваюць захады па аднаўленьні ўнутранага рынку, але пры пэўных умовах, зацьверджаных Міністэрствам аховы здароўя Ўкраіны. У прыватнасьці, прадаўцы і наведнікі мусяць быць у масках, на ўваходзе на рынак павінны быць антысэптыкі, кожныя тры гадзіны і ў канцы працоўнага дня трэба рабіць дэзынфэкцыю. Пры гэтым адлегласьць паміж гандлёвымі месцамі не павінна быць меншай за тры мэтры, а паміж гандлярамі і пакупнікамі павінен быць усталяваны засьцерагальны экран з плёнкі або плястыку.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG