Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саудаўскі кароль скасаваў сьмяротнае пакараньне для асобаў, маладзейшых за 18 гадоў


У Саўдаўскай Арабіі адмененае сьмяротнае пакараньне для непаўнагадовых. Гэтае рашэньне прынята ўсьлед за адменай на мінулым тыдні пакараньня бізунамі.

Брытанскае выданьне The Guardian адзначае, што зьмена некаторых мераў пакараньня ў Саудаўскай Арабіі, верагодна, зьвязана з імкненьнем уладаў аслабіць міжнародную крытыку Эр-Рыяду за парушэньні правоў чалавека.

Аб скасааваньні сьмяротнай кары для абвінавачаных у злачынствах, учыненых ва ўзросьце да 18 гадоў, абвясьціў старшыня дзяржаўнай камісіі правоў чалавека Авад Алавад, зачытаўшы каралеўскі ўказ.

Згодна з воляй караля, з гэтага часу замест пакараньня сьмерцю злачынцы будуць адбываць пакараньне ў турме для непаўналетніх, а трымаць за кратамі іх будуць ня больш за дзесяць гадоў.

Апублікаваны дэкрэт, як чакаецца, уратуе жыцьцё не менш як шасьцёх маладых шыітаў, якія дагэтуль чакалі ў зьняволеньні выкананьня сьмяротнага прысуду. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў антыўрадавых дэманстрацыях падчас «арабскай вясны». Усе яны былі тады маладзейшыя за 18 гадоў.

Летась экспэрты ААН у правах чалавека выступілі з заклікам да Саудаўскай Арабіі скасаваць ужо заплянаванае пакараньне сьмерцю шасьцёх асуджаных.

The Guardian адзначае, што зьмены адлюстроўваюць пазыцыю фактычнага кіраўніка, кронпрынца Мухамэда бін Салмана, які пачаў мадэрнізацыю судовай сыстэмы, шмат гадоў угрунтаванай на прынцыпах фундамэнталізму ў вахабіцкім ісламе.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротнае пакараньне дзейнічае (у Расеі на яго накладзены мараторый). Паводле Крымінальнага кодэксу, сьмяротнае пакараньне можа стасавацца да асобаў, якія ўчынілі асабліва цяжкае злачынства ва ўзросьце ад 18 гадоў і якія да моманту прысуду не дасягнулі 65 гадоў. Да жанчын сьмяротнае пакараньне ў Беларусі не стасуецца.

Дату выкананьня прысуду, як і месца пахаваньня, родным расстралянага не паведамляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG