Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія мэдычныя ўлады назвалі новыя сымптомы COVID-19


Транспартыроўка хворага ў Нью-Ёрку, ЗША
Транспартыроўка хворага ў Нью-Ёрку, ЗША

Яшчэ некалькі штатаў ЗША з панядзелка аслабляюць абмежаваньні, уведзеныя з мэтай прадухіліць пашырэньне каранавірусу.

Тым часам прадстаўнікі фэдэральных органаў аховы здароўя зьвярнулі ўвагу на патэнцыйныя сымптомы захворваньня. Па іх словах, дрыжыкі, рэгулярны трэмар з дрыжыкамі, боль у цягліцах або галаўны боль, пяршэньне ў горле, а таксама страта нюху або смаку могуць быць прыкметамі каранавірусной інфэкцыі.

Фэдэральныя Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў раней называлі ў якасьці магчымых сымптомаў COVID-19 высокую тэмпэратуру, дыхавіцу (недахоп паветра) і кашаль.

Лідэры штатаў Каларада, Місісіпі, Мантана і Тэнэсі дазволілі некаторым кампаніям аднавіць працу з панядзелка. Раней на аналягічныя крокі пайшлі Джорджыя, Аклагома, Аляска і Паўднёвая Караліна ў імкненьні вярнуць людзей да працы і даць ім магчымасьць вярнуцца да звыклага жыцьця.

Тым часам, экспэрты перасьцерагаюць ад пасьпешлівага перазапуску эканомікі, і многія губэрнатары заяўляюць аб прыняцьці захадаў адносна бясьпекі насельніцтва.

Колькасьць выяўленых выпадкаў COVID-19 ў ЗША перавысіла 980 тысяч, 55 тысяч чалавек памерлі.

Больш за іншых пацярпеў штат Нью-Ёрк, дзе зарэгістравана каля 30 адсоткаў усіх выпадкаў захворваньня і сьмерцяў у ЗША. Губэрнатар Эндру Куома заявіў у нядзелю, што калі ягоны ўказ пра абмежаваньні на выхад з дому скончыцца 15 траўня, некаторыя раёны штату, якія былі ня так моцна закрануты эпідэміяй, змогуць аднавіць будаўнічыя працы і адкрыць прамысловыя прадпрыемствы. Пасьля двухтыднёвага ацэначнага пэрыяду будзе разглядацца магчымасьць далейшага зьмякчэньня.

Эпідэмія каранавірусу нанесла вялікія фінансавыя страты найбуйнейшай эканоміцы сьвету. Паводле дадзеных Міністэрства працы ЗША, больш як 26,5 мільёна амэрыканцаў падалі заяўкі на дапамогу па беспрацоўі за апошнія пяць тыдняў.

У пятніцу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб выдзяленьні дапамогі малому бізнэсу і бальніцам на агульную суму 484 мільярды даляраў, пасьля таго як у папярэдняй праграме дапамогі хутка скончыліся сродкі.

Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын у нядзелю выказаў упэўненасьць, што амэрыканская эканоміка «па-сапраўднаму акрыяе» у трэцім квартале.

«Мы ўкладаем у эканоміку беспрэцэдэнтную па аб’ёме фінансавую дапамогу, — заявіў ён, выступаючы на канале Fox News. — Думаю, гэта акажа сурʼёзнае ўзьдзеяньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG