Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі — паслабленьні для дзяцей, у Нью-Ёрку — тэсты ў аптэках. Як у сьвеце змагаюцца з каранавірусам


Ронда, Гішпанія.
Ронда, Гішпанія.

У большасьці краінаў сьвету захоўваюцца жорсткія абмежаваньні, тым ня менш шмат дзе пачынаецца паступовы выхад з карантыну. Краіны сьвету прымаюць захады дзеля перазапуску сваіх эканомік, нягледзячы на асьцярогі новых успышак, паведамляе Голас Амэрыкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

  • У Гішпаніі ўлады зь нядзелі дазволілі дзецям выходзіць на вуліцу — упершыню за шэсьць тыдняў. У гэты пэрыяд толькі дарослыя маглі пакідаць свае дамы для неадкладных пакупак, але зараз іх могуць суправаджаць дзеці. Такія прагулкі могуць доўжыцца ня больш за гадзіну, прычым дзецям забаронена кантактаваць з іншымі дзецьмі.
  • Згодна з новай справаздачай Эўрапейскага цэнтру па кантролі захворваньняў, Гішпанія лідзіруе паводле колькасьці мэдыкаў, якія заразіліся COVID-19 — яны складаюць 18 адсоткаў усіх захварэлых. У Італіі гэты паказчык складае 10 адсоткаў, а ў ЗША — 3 адсоткі. Гішпанія займае другое месца паводле колькасьці выяўленых выпадкаў інфікаваньня, пасьля ЗША.
  • Жыхары штату Нью-Ёрк неўзабаве змогуць прайсьці тэст на каранавірус у мясцовай аптэцы, заявіў у суботу губэрнатар Эндру Куома. Паводле яго, тэсты змогуць праводзіць 5 тысяч аптэкаў, і мэта — рабіць каля 40 тысяч тэстаў штодня.Акрамя таго, лекары чатырох нью-ёрскіх шпіталяў, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19, пройдуць тэсты на антыцелы да вірусу, паведаміў губэрнатар. Нью-Ёрк зьяўляецца эпіцэнтрам успышкі вірусу ў Злучаных Штатах.
  • Усяго, па дадзеных Унівэрсытэту Джонса Хопкінса, у сьвеце зарэгістравана 2,8 мільёна выпадкаў захворваньня. Больш за 200 тысяч чалавек памерлі.
  • Чакаецца, што прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, у якога раней быў дыягнаставаны COVID-19, вернецца да працы ў панядзелак.
  • Індыя, дзе ўводзіўся адзін з самых жорсткіх карантынаў у сьвеце, дазволіла некаторым мясцовых крамам аднавіць працу, але не ў найбольш пацярпелых гарадах.
  • Паўднёвая Карэя паведаміла, што колькасьць новых інфікаваных дзявяты дзень запар не перавышае 20.
  • Іран, які найбольш пацярпеў ад пандэміі зь блізкаўсходніх краінаў, у суботу папярэдзіў пра «новую ўспышку» на пачатку мусульманскага сьвятога месяца Рамадан. Раней Іран пачаў аднаўляць працу бізнэсу, які быў закрыты 11 красавіка праз вірус.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG