Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што нарада ў Лукашэнкі азначае для бізнэсу і эканомікі Беларусі. Тлумачыць Карбалевіч


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб «першачарговых мерах у забеспячэньню ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах сусьветнай эпідэміялягічнай сытуацыі». Менск, 23 красавіка 2020 году

Гэтай нарады ўсе даўно чакалі. Ва ўсіх краінах, якія пацярпелі ад каранавірусу, улады запусьцілі мэханізмы дзяржпадтрымкі бізнэсу. У некаторых краінах прынялі праграмы матэрыяльнай падтрымкі насельніцтва. І толькі ў Беларусі нічога не рабілася, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • У пытаньні падтрымкі эканомікі Лукашэнка больш за месяц трымаў паўзу.
  • Кіраўнік Беларусі ўвесь час апраўдваецца за сваю пазыцыю адносна каранавірусу.
  • Лукашэнка ня бачыць вялікай праблемы для эканомікі з прычыны пандэміі.
  • У дзяржавы няма грошай для падтрымкі эканомікі.
  • Асноўная дапамога будзе выдзяляцца ня бізнэсу, а дзяржпрадпрыемствам.

Урад Беларусі распрацаваў комплекс мер падтрымкі эканомікі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Усе чакалі адмашкі Лукашэнкі. А ён больш за месяц трымаў паўзу, нечага чакаў.

І вось нарэшце 23 красавіка Лукашэнка сабраў нараду з парадкам дня «Аб першачарговых мерах па забесьпячэньні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах сусьветнай эпідэміялягічнай сытуацыі».

Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў самой назьве нарады замест слова «пандэмія» (так абвясьціла Сусьветная арганізацыя здароўя) выкарыстоўваецца слова «эпідэмія». У сваім выступе Лукашэнка казаў: «Так званая пандэмія».

Важна адзначыць, што апошнім часам пры любым зьяўленьні на публіцы кіраўнік Беларусі ўвесь час апраўдваецца за сваю пазыцыю адносна каранавірусу. Так было і цяпер. І гэта невыпадкова. Паводле сацыялягічнага апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні, якой кіруе Андрэй Вардамацкі, 86% беларусаў лічаць, што рэакцыя краіны (чытай, улады) на пандэмію была недастатковая.

Ад рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Лукашэнка чарговым разам адмахнуўся. Маўляў, «мы, напэўна, з вамі лепш ведаем, што рабіць у нашай краіне».

Што тычыцца непасрэдна захадаў па падтрымцы эканомікі, дык тут канкрэтыкі было вельмі мала. Як можна зразумець, і маштаб падтрымкі будзе невялікі. Зь некалькіх прычын.

Найперш, як імкнецца запэўніць усіх Лукашэнка, у Беларусі няма ніякай праблемы. Бо кіраўніцтва дзяржавы не пайшло на карантын, не спыніла працу эканомікі. Таму валавы ўнутраны прадукт за першы квартал зьнізіўся толькі на 0,3%. Пры тым, што рэальныя даходы насельніцтва нават вырасьлі на 7,1%. Дык калі няма праблемы, то навошта гарод гарадзіць? А што ляснуўся турызм, транспартная галіна, сфэра грамадзкага харчаваньня, — на гэта можна не зьвяртаць увагі.

Другая прычына такой доўгай паўзы ў прыняцьці мер падтрымкі эканомікі палягае ў тым, што ў дзяржавы няма для гэтага грошай. Бюджэт на 2020 год быў прыняты з дэфіцытам. Як сказаў Лукашэнка падчас нарады, «калі хтосьці хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць?».

Унесены на разгляд кіраўніка дзяржавы пакет мер у асноўным тычыцца пытаньняў ільготаў для суб’ектаў гаспадараньня па падаткаабкладаньні («падатковых канікул»), арэнднай платы.

Раней прэм’ер-міністар Сяргей Румас паведамляў, што на падтрымку эканомікі мяркуецца выдзеліць каля 110 млн рублёў. Зусім няшмат. Лукашэнка ў сваім выступе адзначыў, што гэтыя грошы перадаюцца кіраўнікам абласьцей, і ўжо яны будуць іх разьмяркоўваць.

З ранейшых выказваньняў Лукашэнкі відавочна, якія будуць прыярытэты ў дзяржаўнай падтрымкі, і бізнэсу тут лавіць няма чаго. Так, 3 красавіка ў Смалявічах кіраўнік Беларусі папрасіў малы і сярэдні бізнэс ня крыўдзіцца, але ў першую чаргу дзяржава будзе падтрымліваць вытворцаў: «Як вы думаеце, вы рэстаран сёньня будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё... Гэта твой бізнэс, ты яго ратуй, а мы падставім плячо, калі ў нас будзе такая магчымасьць». 22 красавіка ў Бабруйску Лукашэнка заявіў: «Хай у чаргу не выстройваюцца і не чакаюць, што мы рэстараны будзем падтрымліваць».

Так што, здаецца, усе спадзевы бізнэсу на значную эканамічную падтрымку апынуцца марнымі. Ратаваньне тапельцаў — справа саміх тапельцаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG