Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падмуркі дамоў айцоў БНР Луцкевічаў у Менску захаваюць і закансэрвуюць


Падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў
Падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў

Знойдзеныя ў менскім парку імя Янкі Купалы фрагмэнты падмуркаў грамадзкай лазьні Плаўскага і дамоў братоў Луцкевічаў захаваюць і закансэрвуюць. Пра гэта піша афіцыйны Telegram-канал Менскага гарвыканкаму.

Як паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, на месцы знаходкі будуць разьмешчаныя інфармацыйныя стэнды і сюды ж перанясуць памятны камень, пастаўлены пазалетась у гонар братоў Луцкевічаў.

«Камісія ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны зьбіралася двойчы, каб прыняць рашэньне, што ж рабіць з раскрытымі фрагмэнтамі падмуркаў старых будынкаў. Думкі выказвалі аўтарытэтныя гісторыкі. Вызначылі так: увесь парк зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусі і вылучаць асобныя аб’екты нямэтазгодна. Але і разбураць гістарычныя знаходкі мы ня маем права», — падсумаваў чыноўнік.

Як адзначыў Арцём Цуран, прынята рашэньне заканансэрваваць фрагмэнты падмуркаў. Каб іх не пашкодзілі, у парку зьменяць траекторыю дарожак.

Летась пачалося добраўпарадкаваньне Купалаўскага сквэра. Падчас працаў будаўнікі дакапаліся да падмуркаў лазьняў Плаўскага, куды ў пачатку мінулага стагодзьдзя наведвалася сталічная інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала, а таксама дамоў беларускіх адраджэнцаў Івана і Антона Луцкевічаў.

Падмуркам будынкаў пагражала руйнаваньне, але пасьля ўмяшаньня вядучага навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы Паўла Каралёва выяўленыя артэфакты ўдалося адстаяць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG