Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падмуркі дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы ў Менску ўдалося адстаяць 


Падмуркі дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы
Падмуркі дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы

Рабочыя, занятыя на рэканструкцыі ў менскім парку Янкі Купалы, ня будуць праводзіць камунікацыі праз падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў, піша «Новы час».

Купалаўскі сквэр добраўпарадкуюць: тут пракладваюць новыя сьцежкі, усталёўваюць дадатковае асьвятленьне, вядуць камунікацыі. Пад час сваіх працаў будаўнікі дакапаліся да падмуркаў лазьняў Плаўскага, куды ў пачатку мінулага стагодзьдзя наведвалася сталічная інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала, а таксама дамоў беларускіх адраджэнцаў Івана і Антона Луцкевічаў.

Павал Каралёў са знойдзенымі артэфактамі
Павал Каралёў са знойдзенымі артэфактамі

Падмуркам будынкаў пагражала руйнаваньне, але цяпер іх не крануць, — перакананы Павал Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы. Ён асабіста назіраў за тым, як вядуцца працы, і дамагаўся захаваньня выяўленых артэфактаў.

Спачатку плянавалася, што праз падмуркі дамоў Луцкевічаў правядуць трубу для адводу вады, але ў выніку ўдалося яе аднесьці ўбок. Пасьля гэтага тым жа маршрутам зьбіраліся пракласьці траншэю з кабэлем для новага фантану.

Дом Луцкевічаў, архіўнае фота
Дом Луцкевічаў, архіўнае фота

«Удалося дамовіцца, што кабэль абыйдзе падмуркі, — кажа Павал Каралёў. — Адзінае, што не атрымалася, — спыніць пракладаньне сьцежкі праз падмурак аднаго з дамоў, там прыбралі некалькі ўзроўняў цэглы. І цяпер яшчэ капаюць траншэю пад асьвятленьне, таксама прыбяруць часткова бэтон і кладку».

Каб зьберагчы падмуркі і надаць ім ахоўны статус, Павал Каралёў падаў заяўку на ўнясеньне іх у Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Хоць і сумняецца, што пры цяперашнім стаўленьні ўладаў да гістарычнай спадчыны ягоная ініцыятыва мае хоць нейкі шанец.

Пры гэтым навуковец спадзяецца, што калі-небудзь можна будзе надбудаваць на падмурках драўляныя дамы, каб паказаць, як яны выглядалі ў арыгінале, і зрабіць там музэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG