Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянцам прапануюць за 200 эўра падзякаваць Расеі і Пуціну, — La Repubblica


Расейская дапамога для адпраўкі ў Італію на вайсковым аэрадроме ў Маскоўскай вобласьці
Расейская дапамога для адпраўкі ў Італію на вайсковым аэрадроме ў Маскоўскай вобласьці

Італьянскае выданьне La Repubblica паведаміла, што расейцы, якія жывуць у Італіі, прапануюць сваім знаёмым італьянцам зьняцца ў роліку нейкага «расейскага СМІ» і падзякаваць Расеі і Пуціну за гуманітарную дапамогу.

За добрыя словы аб гуманітарнай дапамозе гатовыя заплаціць 200 эўра. Такія прапановы жыхарам Італіі паступаюць у Whatsapp, піша газэта.

«Ім трэба 15 італьянцаў, якія скажуць што-небудзь добрае пра расейскую гуманітарную дапамогу. Лепш відэа ці пост з фатаздымкамі, але за відэа яны плацяць 200 эўра, за допіс даюць менш», – прыводзіць выданьне тэкст паведамленьня, якое атрымаў адзін з жыхароў краіны. Відэа з падзякай расейскім уладам прапануюць разьмясьціць у «Твітэры», «Фэйсбуку» ці «Інстаграме».

Таксама журналісты газэты знайшлі дзяўчыну, якая апублікавала ў TikTok кароткі ролік з падзякамі за расейскую гуманітарную дапамогу. Яна расказала La Repubblica, што зьняць такое відэа яе папрасіў сябар, якому за яго заплацілі 20 эўра.

Пасольства Расеі ў Рыме заявіла, што нічога ня ведае аб прапановах італьянцам здымаць відэа за грошы.

«Расеі не патрэбна прызнаньне ў такой форме. Кожны дзень мы атрымліваем сотні званкоў, лістоў і камэнтароў са словамі шчырай падзякі ад простых грамадзян, кіраўнікоў гарадоў і рэгіёнаў, палітыкаў, прадпрымальнікаў», – заявілі ў пасольстве. Там такія прапановы назвалі махлярствам.

Пасьля таго, як у сакавіку Расея накіравала ў Італію гуманітарную дапамогу, вайсковых мэдыкаў і абсталяваньне для барацьбы з каранавірусам, пракрамлёўскія блогеры і СМІ пачалі актыўна выкарыстоўваць гэтую апэрацыю для прапаганды. Напрыклад, у сацыяльных сетках без падрабязнасьцяў аб паходжаньні відэа быў апублікаваны ролік з мужчынам, які мяняе сьцяг Эўразьвязу на сьцяг Расеі, а потым паказвае паперу з надпісам: «Дзякуй, Расея! Дзякуй, Пуцін».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG