Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія музыкі з прычыны пандэміі захрасьлі ў Індыі і ў роспачы запісалі «Разьвітаньне з Радзімай»


Беларускія музыкі ў Індыі
Беларускія музыкі ў Індыі

Аляксандра Бузун з каляжанкай Палінай паляцелі ў Індыю ў сьнежні. Яны музыкі-фрылансэркі і меліся там выступаць. Дадому вярнуцца меркавалі якраз у красавіку. Іх пляны памяняла пандэмія каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Аляксандра Бузун расказала Свабодзе, што адбываецца ў індыйскім Гоа і колькі там захрасла беларусаў.

Аляксандра Бузун
Аляксандра Бузун

На Гоа Аляксандра і Паліна прыляцелі ўначы з 21 на 22 сакавіка з Мумбаі. Эвакуацыі чакаюць ужо чацьвёрты тыдзень. Яны нанялі таннае жыльлё на поўдні штата. Паводле Аляксандры, у Гоа цяпер больш за 200 беларусаў. Некаторыя зь іх таксама прыехалі ў штат зь іншых рэгіёнаў чакаць эвакуацыі.

«З намі зьвязаліся зь беларускай амбасады і сказалі тэрмінова прыляцець, бо адсюль будзе эвакуацыя. І іншай магчымасьці дабрацца да пункту эвакуацыі ня будзе, бо Індыя „закрывае неба“», — кажа Аляксандра Бузун.

Аляксандра (справа) і Паліна
Аляксандра (справа) і Паліна

Дзяўчына кажа, што дагэтуль беларусаў эвакуавалі толькі з Дэлі. «Былі камэрцыйныя рэйсы з Гоа для „пакетных“ турыстаў, якія прыляцелі на тыдзень-два. І вывезьці іх было абавязкам турапэратараў. Мы да гэтай гісторыі ня маем ніякага дачыненьня».

Няпэўнасьць сытуацыі ўзьдзейнічае на людзей ня лепшым чынам.

«Людзі ў стане нэрвовага чаканьня, у іх канчаецца ўсё — ня толькі грошы, але маральныя і фізычныя сілы заставацца тут. Набліжаецца сэзон дажджоў, калі ў Індыі будзе вельмі горача. Людзям, якія тут зь дзецьмі, пажылым тут рэальна вельмі цяжка знаходзіцца. Я ўжо не кажу пра пагрозу заразіцца тым жа каранавірусам, хоць у прынцыпе ў Гоа сытуацыя дастаткова добрая. Але мы ж разумеем, што Індыя — гэта такое месца, дзе калі выбухне, то нікому мала не падасца праз санітарныя ўмовы».

Аляксандра падкрэсьлівае, што сытуацыю стрымлівае карантын. Але ў той жа час людзі ад радыкальных захадаў пацярпелі.

«Мы ўсе абмежаваныя ў перасоўваньнях. Спачатку быў увогуле жах, калі былі закрытыя ўсе крамы. Цяпер хаця б можна пайсьці ў краму і знайсьці некаторыя прадукты. Нядаўна быў інцыдэнт, калі група рускіх людзей, якім надакучыла сядзець дома, вырашыла зладзіць вечарынку на пляжы. Пасьля гэтага меры сталі яшчэ больш жорсткімі. Цяпер сапраўды ёсьць рызыка выйсьці і атрымаць палкай ня толькі ад паліцыі, а ад мясцовых людзей».

Празь безвыходнасьць сытуацыі, кажа дзяўчына, яны з каляжанкай запісалі на відэа палянэз Міхаіла Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай».

Падчас нашай размовы ад беларускай амбасады было вядома, што эвакуацыйны рэйс цяпер на фінальнай стадыі ўзгадненьня. Але пасьля зьявілася абнаўленьне: беларусам прапануюць квіткі на рэйс за $750, але з умовай, што будзе запоўнены ўвесь борт.

«Канечне, вельмі дорага! І цяпер чат тых, хто захрас на Гоа, проста выбухнуў ад абурэньня. Але іншага выйсьця пакуль няма. Што рабіць: давядзецца ляцець за такую суму. Адзінае, вельмі хочацца, каб яна была канчатковай», — дадае Аляксандра.

Калі беларусы змогуць вярнуцца дадому, пакуль невядома.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG