Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус і алькаголь: як ня сьпіцца падчас карантыну


У Расеі ў апошні тыдзень сакавіка продажы віскі, гарэлкі і піва вырасьлі на 47%, 31% і 25% адпаведна — паводле дадзеных маркетынгавай кампаніі Nielsen, на якую спасылаецца Reuters. У ЗША прыкладна за той самы пэрыяд продажы алькагольнай прадукцыі падскочылі на 55% у параўнаньні з тым самым пэрыядам летась.

Тая самая тэндэнцыя, паводле дадзеных Nielsen, адзначаная ў Брытаніі і ў Францыі.

Як мяркуюць экспэрты, павышаны попыт на алькаголь выкліканы карантынам, стрэсам, асьцярогамі, што ў крамах скончыцца выпіўка, а таксама памылковым уяўленьнем, што сьпіртное можа дапамагчы не заразіцца каранавіруснай інфэкцыяй. Пандэмія Covid-19, акрамя панічнага скупляньня прадметаў першай неабходнасьці, выклікала яшчэ адну нездаровую тэндэнцыю: амаль ва ўсіх краінах сьвету, дзе няма сухога закону, вырасьлі продажы алькаголю.

Вера ў тое, што моцныя напоі, тыпу гарэлкі і віскі, могуць служыць сродкам прафіляктыкі новага каранавірусу SARS-Cov-2, прывяла да таго, што ў Кітаі ў першыя месяцы цяперашняй эпідэміі таксама падскочыла спажываньне алькаголю, а ў Іране, дзе сьпіртное забароненае зусім , былі выпадкі масавых атручэньняў падпольнай сівухай.

Магчыма, гэтыя чуткі паўсталі пасьля шэрагу публікацый, у прыватнасьці, у кітайскай прэсе, аб тым, што вірусолягі выявілі яшчэ на раньніх этапах: каранавірус SARS-Cov-2 больш уразьлівы да ўзьдзеяньня алькаголю, чым іншыя сьмяротна небясьпечныя яго суродзічы SARS і MERS. Але гаворка ішла толькі аб праціраньні паверхняў сьпіртавымі растворамі, а не пра ўнутранае ўжываньне.

Што да ўнутранага спажываньня алькагольных напояў, то, паводле дадзеных дасьледаваньня, апублікаванага ў 2015 годзе ў часопісе Alcohol Research, «празьмернае ўжываньне алькаголю можа выклікаць непажаданую рэакцыю з боку імуннай сыстэмы, напрыклад, ўспрымальнасьць да пнэўманіі».

САЗ таксама папярэджвае, што падчас пандэміі трэба ўстрымлівацца ад шкодных звычак, такіх як ўжываньне сьпіртнога і курэньне.

Але як тады даць рады стрэсу, які толькі нарастае з ростам трывог пра здароўе, зарплату, дэфіцыт прадуктаў і проста ад сядзеньня дома?

Завязаць на карантыне?

Некаторыя краіны вырашылі пайсьці жорсткім шляхах і цалкам забараніць продаж алькаголю ў пэрыяд эпідэміі — напрыклад, Паўднёвая Афрыка, Тайлянд, Індыя.

Для тых, хто прывык да сваёй звычайнай дозы, гэта стала сапраўдным выпрабаваньнем. Сындром абстынэнцыі — калі арганізм патрабуе звыклай дозы этанолу — можа выяўляцца па-рознаму: у падвышанай узбудлівасьці і пакрыўджанасьці, часам агрэсіі ў адносінах да членаў сям’і, і выклікаць трэмар канечнасьцяў, канвульсіі, псыхоз.

Лекары індыйскага штату Керала сталі паведамляць пра выпадкі самагубства на глебе алькагольнай абстынэнцыі і нават думалі пра тое, каб дазволіць лекарам «прапісваць» сьпіртное некаторым сваім пацыентам з залежнасьцю. Але потым адмовіліся ад гэтага кроку, бо гэта вымусіла б вінныя крамы адчыніць дзьверы, што прывяло б да іх усіх ахвочых набыць сьпіртное «без рэцэпту».

А чым яшчэ заняцца...

Псыхолягі адзначаюць, што многім людзям, якія сядзяць на карантыне, няпроста прыняць той фактам, што ў іх раптам зьніклі ўсе звыклыя спосабы баўленьня вольнага часу і забаваў.

Ня маючы магчымасьці кудысьці выйсьці, усё больш людзей сталі знаходзіць раптоўнае суцяшэньне ў куфлі віна або нечага мацнейшага. А для кагосьці гэта наогул звычайная справа — выпіць, нікуды ня ходзячы, у кампаніі з уключаным тэлевізарам.

І нават ва ўмовах дыстанцыйнай працы, каб уразнастаіць свой працоўны дзень у хаце, некаторыя могуць дазволіць сабе папрацаваць з куфлем піва — што яны наўрад ці сталі б рабіць, працуючы ў офісе.

Ці сапраўды сьпіртное здымае стрэс?

Адмыслоўцы зазначаюць, што сьпіртное дапамагае хутка заснуць, але затым алькаголь парушае фазу глыбокага сну, калі цела і мозг расслабляюцца больш за ўсё, і чалавек можа прачнуцца сярод ночы і да раніцы мучыцца бессаньню.

Алькаголь — гэта дэпрэсант, таму тыя, хто пачынае піць больш, чым звычайна, могуць раптам апынуцца пад узьдзеяньнем уласных нэгатыўных думак. Ужываньне алькаголю для зьняцьця стрэсу можа толькі ўзмацніць агульнае пачуцьцё ўстурбаванасьці і трывогі і ў цэлым пагоршыць настрой.

Да таго ж, адзначаюць экспэрты, не заўсёды лёгка заўважыць пачатак алькагольнай залежнасьці ў самога сябе.

У Брытаніі рэкамэндаваная норма складае ня больш за 6 келіхаў віна на тыдзень, але пры гэтым лекары раяць практыкаваць і рэгулярныя безалькагольныя дні.

Псыхолягі прызнаюць, што калі чалавек мае тэндэнцыю здымаць стрэс праз адыктыўныя паводзіны, напрыклад, празьмерныя трэніроўкі ў фітнэс-клюбе, то цяпер, пазбавіўшыся іх, ён цалкам можа замяніць іх на сьпіртное.

Як выявіць у сябе прыкметы разьвіцьця залежнасьці?

Напрыклад, вы пацягнуліся па чарку раней, чым звычайна, скажам, неўзабаве пасьля сьняданьня. Або паступова пачалі павялічваць дозы, што вытлумачальна — бо алькаголь выклікае прывыканьне і ранейшыя аб’ёмы выпітага ўжо не даюць таго самага расслабляльнага эфэкту.

Ня варта забываць і пра тое, што калі людзі дома самі сабе наліваюць, яны часта наліваюць большыя порцыі, чым бы ім запрапанавалі ў бары.

Каб падмануць сябе, лепш браць келіхі меншага аб’ёму або перайсьці на напоі з больш нізкім утрыманьнем алькаголю.

Можна практыкаваць і так званае «усьвядомленае» спажываньне алькаголю — гэта значыць сфакусаваць усю ўвагу на канкрэтным моманце і выпіць не сьпяшаючыся, расьцягваючы гэты момант.

Ёсьць і адмысловыя мабільныя аплікацыі, якія дапамагаюць адсочваць колькасьць выпітага, напрыклад DrinkControl.

Але ёсьць і яшчэ адна тэндэнцыя, якая нарадзілася падчас цяперашняй пандэміі. У сацсетках зрабіўся папулярным хэштэг Dry Covid («Сухі Covid») — для тых, хто адкрыў для сябе новую, безалькагольную рэальнасьць і зьбіраецца яе дэталёва вывучыць, седзячы на карантыне.

Паводле матэрыялаў Бі-Бі-Сі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG