Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як каранавірус прымусіў пралайфэраў клапаціцца пра эканоміку больш, чым пра жыцьцё


Вялікі чацьвер у Фарным касьцёле Горадні, 9 красавіка 2020
Вялікі чацьвер у Фарным касьцёле Горадні, 9 красавіка 2020

Колькі гадоў пралайфэрскія арганізацыі ўпэўнівалі нас, што любое жыцьцё — гэта абсалютная каштоўнасьць! Але пандэмія чарговы раз паказала, што пад «любым жыцьцём» там маюцца на ўвазе эмбрыёны. Цяпер айчынны пралайф хвалюецца за эканоміку больш, чым за жыцьці людзей.

Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які ня так даўно праславіўся зборам подпісаў «супраць ЛГБТ-прапаганды», амаль не выказваецца на тэму каранавірусу. На сайце арганізацыі ёсьць толькі адзін тэматычны тэкст, але і яго дастаткова, каб зразумець пазыцыю руху.

Багаслоў Уладзіслаў Валаховіч у гэтым тэксьце абвінавачвае Сусьветную арганізацыю здароўя ў накручваньні панікі, абураецца, што «малюнкі трунаў з Італіі страшнейшыя за малюнкі парэштак дзіцяці, якія змываюць ва ўнітаз пасьля міфэпрыстону», саркастычна заяўляе, што хай бы САЗ абвяшчала карантын праз распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі і вэнэрычных захворваньняў, і радуецца, што ў Беларусі няма царкоўнага карантыну, бо онлайн-богаслужэньні «яшчэ больш расчалавечваюць людзей».

А вось яшчэ адна яскравая цытата: «Ёсьць некаторыя абмежаваньні, якія падказвае не САЗ, а здаровы сэнс. Хто хоча панікаваць, сыходзіць на аддаленую працу, закупацца макаронай і крупамі — гэта яго справа. Але, дзякуй Богу, ніхто нам не забараняе хадзіць у царкву, на працу, у школу, у краму і нават на футбол».

Ледзь ня ўвесь патас звычайнай агітацыі пралайфэраў трымаецца на тым, што грошы — нішто, а жыцьцё — усё. «Даў Бог зайку, дасьць і лужайку» і іншыя падобныя прымаўкі — клясыка жанру іх аргумэнтацыі. Але тут адзін зь лідэраў пралайфэрскага руху піша, што сьмяротнасьць ад COVID-19, можа, і будзе вышэйшай за сьмяротнасьць ад звычайнага грыпу, але гэта не нагода абрынаць эканоміку. Карацей, чалавечыя жыцьці — гэта такая каштоўнасьць Шродынгера. Яна нібыта ёсьць, але гэта недакладна.

Што ж вы так выдаяце сябе, спадар Уладзіслаў! Можна ж было і ляяльнасьць дзяржаве прадэманстраваць, каб улады працягвалі падтрымліваць вашыя ініцыятывы, і хоць мінімальна прытрымлівацца вамі ж заяўленых прынцыпаў. А бяздумнае паўтарэньне клішэ накшталт «паніку з асаблівай асалодай падхопліваюць і смакуюць лібэральныя СМІ» і «страх чаканьня бедаў страшнейшы за самі беды» занадта выдае вашае жаданьне быць добрым служкам для цяперашняй улады.

Магчыма, вы сваіх мэтаў даб’ецеся, і ў будучыні дзяржава адплаціць вам за гэтую ідэалягічную падтрымку. Толькі вы будзеце вінаватыя ў сьмерці тых людзей, якія даверацца вам, будуць надалей весьці актыўнае сацыяльнае жыцьцё, хадзіць у царкву, заразяцца і памруць. Гэта будзе ня Божы провід, а пабочны эфэкт вашай прапаганды.

На вялікае шчасьце, ёсьць у Беларусі сьвятары, якія сапраўды клапоцяцца пра сваю паству. У Берасьці суседку маёй маці, сталую жанчыну, мясцовы сьвятар угаварыў часова пераехаць на лецішча. Яна будзе маліцца там у сваёй хаце, і гэта аніяк яе не расчалавечыць.

Правільна ж кажуць, што, калі навучыць некаторых Богу маліцца, дык яны і лоб разаб’юць. Але ў выпадку з COVID-19 такія людзі разьбіваюць ня толькі свае ілбы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG