Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч просіць вернікаў заставацца дома


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

3 красавіка старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведваньня касьцёлаў і ўдзельнічаць у сьвяточных набажэнствах з дапамогай трансьляцый, паведамляе catholic.by.

У спэцыяльным Паведамленьні, скіраваным духавенству і вернікам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, герарх піша:

«Зьвяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сымптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэньня, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспэнсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».

Раней, каб не дапусьціць распаўсюджваньня эпідэміі каранавірусу, не пускаць у касьцёл старых, дзяцей і моладзь заклікаў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько.

«Застаньцеся сёньня дома ўсе — каб потым усім прыйсьці ў касьцёл!!! — напісаў сьвятар у Фэйсбуку. — Памятайце, што не вада асьвячае стравы на стол, вярбу, а малітва!»

Юры Санько нагадаў, што ўдзельнічаць у велікодных службах можна, дзякуючы трансьляцыям.

Як паведамляе сайт catholic.by, сёлета плянуецца жывая тэлевізійная трансьляцыя ня толькі імшы Велікоднай вігіліі, але таксама сьвятой імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацьвер і набажэнства Вялікай пятніцы.

У спэцыяльным паведамленьні Пастаяннай рады Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, згодна з нормамі кананічнага права Каталіцкай царквы, біскупам было рэкамэндавана дазволіць ня ўдзельнічаць у нядзельнай і сьвяточнай імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сымптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і ўсім, хто адчувае страх заражэньня.

Рэгулярныя відэатрансьляцыі набажэнстваў арганізавалі на партале Catholic.by, на іншых рэсурсах, а таксама адбываюцца радыётрансьляцыі на радыё «Марыя».

Жывыя трансьляцыі тры дні запар будзе весьці зь менскага катэдральнага касьцёла Найсьвяцейшага Імя Марыі Бетэлерадыёкампанія.

Тэлеканал «Беларусь-3»

  • 9 красавіка, Вялікі чацьвер • 19.00 — сьвятая імша Вячэры Пана
  • 10 красавіка, Вялікая пятніца • 19.00 — набажэнства адарацыі Сьвятога Крыжа

Тэлеканал «Беларусь-1»

  • 11 красавіка, Вялікая субота • 21.45 — Велікодная вігілія ў сьвятую ноч Уваскрасеньня Пана

Узначаліць імшы Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG