Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё больш швэдаў памірае: швэдзкі экспэрымэнт страчвае прывабнасьць


Стакгольм, 26 сакавіка 2020

Піша рэдактар эўрапейскіх службаў Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк

Швэцыя істотна адрозьніваецца ад іншых эўтапейскіх краінаў, яна перажывае пандэмію COVID-19 без сур’ёзных зьменаў і абмежаваньняў, жыцьцё там працягваецца ў цэлым нармальна.

Карцінкі з Швэцыі гэтай вясной, безумоўна, выглядаюць інакш, чым з большасьці іншых краінаў. У кавярнях і барах заварваюць каву, з кранікаў у барах цячэ піва. Дзеці па-ранейшаму ходзяць у школу кожную раніцу, а гандлёвыя цэнтры, трэнажорныя залі і гандлёвыя вуліцы не палохаюць жахлівай пустатою, як у астатняй частцы кантынэнту. І хоць за апошнія два тыдні мабільнасьць людзей значна зьнізілася і большасьць людзей рыхтуецца сьвяткаваць Вялікдзень дома, замест таго, каб выехаць за мяжу ці ў свой дамок у вёсцы, гэтая скандынаўская краіна далёкая ад поўнага спыненьня.

Адзіныя абавязковыя правілы — закрыцьцё ліцэяў і унівэрсытэтаў, забарона на сустрэчы больш за 50 чалавек (у параўнаньні з 500 два тыдні таму) і загад барам і рэстаранам абслугоўваць толькі сядзячых кліентаў, каб пазьбегнуць залішніх натоўпаў. Ніякіх масак не відаць, межы таксама застаюцца адкрытымі, нават калі суседзі Данія, Фінляндыя і Нарвэгія замкнулі іх на ўсе замкі. Іншыя паўночныя краіны пайшлі шляхам большасьці іншых эўрапейскіх краін са строгімі правіламі сацыяльнага аддаленьня і іншымі захадамі.

Андэрс Тэгнэл, галоўны швэдзкі эпідэміёлаг і аўтар сёньняшняй стратэгіі, адзначыў, што ў краіны будзе толькі адна спроба абвясьціць локдаўн, і што лепш пачакаць з такім абвяшчэньнем, чым пасьпяшацца. І хоць гучаць галасы нязгоды, аднак рэйтынгі і ўраду, і прэм’ер-міністра значна палепшыліся за апошнія некалькі тыдняў. Швэды, як здаецца, пакуль шчасьліва сочаць за дзеяньнямі ўладаў і давяраюць ім.

Але ці гэта правільна? На першы погляд, лічбы заражэньня і сьмяротнасьці падаюцца прымальнымі ў параўнаньні зь некаторымі іншымі эўрапейскімі краінамі. Паводле стану на 9 красавіка ў краіне зафіксавана крыху больш за 9000 выпадкаў і амаль 800 памерлых — значна менш, чым у такіх краінах, як Італія, Гішпанія, Францыя, Бэльгія, Нямеччына, Нідэрлянды і Вялікабрытанія, многія зь якіх могуць лічаць сваіх памерлых тысячамі.

Але разам з тым гэта не зусім справядлівае параўнаньне.

Паўночныя краіны ня так цесна зьвязаныя з мацерыковай Эўропай, аддзеленай Балтыйскім морам, і, за выключэньнем Даніі, маюць нізкую агульную колькасьць і шчыльнасьць насельніцтва.

Параўнайце Швэцыю з насельніцтвам каля 10,2 мільёна да Чэхіі, у сэрцы Цэнтральнай Эўропы, з насельніцтвам 10,7 мільёна. Яны амаль аднолькавыя па колькасьці жыхарства, але прынялі супрацьлеглыя стратэгіі, калі гаворка ідзе пра карантынізацыю насельніцтва. На сёньняшні дзень у Чэхіі, якая ўвяла жорсткія меры яшчэ ў пачатку пандэміі, улучна з абавязковым нашэньнем масак, зафіксавана крыху больш за 5000 выпадкаў заражэньня каранавірусам і 104 сьмерці — у 8 разоў менш, чым у Швэцыі.

Калі параўноўваць Швэцыю са скандынаўскімі суседзямі, вынік таксама робіць яе вельмі адрознай — у нэгатыўным сэнсе.

У Швэцыі больш памерлых, чым у трох іншых скандынаўскіх краінах разам, нягледзячы на тое, што агульная колькасьць насельніцтва Даніі, Фінляндыі і Нарвэгіі складае крыху больш за 16 мільёнаў чалавек у параўнаньні з швэдзкімі 10 мільёнамі. Усе чатыры краіны паведамілі пра першую сьмерць ад каранавірусу прыблізна ў той самы час але ў параўнаньні з Швэцыяй у Фінляндыі і Нарвэгіі сытуацыя значна лепшая, і Данія таксама значна больш здаровая, чым яе ўсходняя суседка.

Ніхто ня можа прадбачыць сытуацыі празь некалькі тыдняў або месяцаў. Швэцыя мае пэўныя прыродныя перавагі, якія могуць дапамагчы ёй перажыць крызіс лягчэй, чым у некаторых іншых краінах. Давер швэдаў да ўладаў вышэйшы, чым у большасьці краін сьвету, больш за палову швэдзкіх хатніх гаспадарак складаецца з аднаго чалавека паводле афіцыйных дадзеных, і сацыялізацыя між пакаленьнямі там, як правіла, меншая ў параўнаньні з многімі іншымі краінамі^; бальшыня старых жыве ў дамах для састарэлых людзей, далёка ад маладых членаў сям’і. Гэта можа дапамагчы абараніць найбольш уразьлівыя групы ў гэтыя часы каранавірусу, але маладыя людзі па-ранейшаму імкнуцца клапаціцца пра іх — тое, што пацьвярджае нядаўняя навіна пра пашырэньне вірусу ў траціне дамоў састарэлых у Стакгольме.

Іншымі словамі, Швэцыі, магчыма, спатрэбіцца ўдакладніць сваю пазыцыю адносна каранавірусу, таму пакуль складана сьцьвярджаць, што шлях, які Швэцыя пакуль што выбрала ва ўмовах пандэміі, гэта мадэль, вартая перайманьня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG