Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў на нарадзе з губэрнатарамі і міністрамі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. У канцы свайго ўступнага слова ён зьвярнуўся да расейцаў — па сутнасьці, з трэцім з 25-га сакавіка зваротам у сувязі з каранавірусам.
Пуцін сказаў, што з кожным днём Расея становіцца ўсё больш згуртаванай, заклікаў грамадзян выконваць рэжым самаізаляцыі і адзначыў, што бліжэйшыя 2–3 тыдні будуць вырашальнымі.
«Усё праходзіць, і гэта пройдзе. Наша краіна ня раз праходзіла праз сур’ёзныя выпрабаваньні: і печанегі яе разьдзіралі, і полаўцы, — з усім справілася Расея. Пераможам і гэтую заразу, каранавірусную», — сказаў Пуцін.
Частка выступу была прысьвечаная захадам з мэтай падтрымкі лекараў, бізнэсу і насельніцтва. Пуцін, у прыватнасьці, сказаў, што цяпер нельга абмяжоўваць работу эканомікі, зачыняць транспартныя, грузавыя і пасажырскія зносіны паміж рэгіёнамі.
Лекары, якія змагаюцца з каранавірусам, атрымаюць дадатковыя сацыяльныя выплаты, паводле прыкладу вайскоўцаў, заявіў прэзыдэнт Расеі. Паводле яго словаў, на тры месяцы будзе ўстаноўленая штомесячная выплата мэдычным працаўнікам ад 25 да 80 тысяч расейскіх рублёў (прыблізна ад 330 да 1060 даляраў).