Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прыгразіў скараціць фінансаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп даў зразумець, што ён можа пайсьці на «вельмі магутнае прыпыненьне» фінансаваньня Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), раскрытыкаваў яго і абвінаваціў яго ў «зацыкленасьці на Кітаі» ва ўмовах пандэміі каранавірусу, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паўтарыўшы скаргі, зь якімі ён выступіў днём раней у Twitter, прэзыдэнт ЗША заявіў, што WHO «шмат у чым ня мела рацыі». Трамп асудзіў WHO за тое, што яна выступала супраць абмежаваньняў на паездкі з Кітаю і Эўропы.

«Яны шмат у чым ня мелі рацыі, — сказаў Трамп падчас штодзённага брыфінгу рабочай групы ў праблемах каранавірусу Белага дома. — Падобна на тое, яны моцна зацыкліліся на Кітаі».

«Мы маем намер прыпыніць выплату грошай, якія мы накіроўваем у WHO», — дадаў ён.

Трамп, аднак, асадзіў назад, калі журналісты сталі задаваць удакладняльныя пытаньні з нагоды яго заявы. Ён сказаў, што «мае намер вывучыць пытаньне» аб скарачэньні фінансаваньня WHO, і адкінуў сваю папярэднюю заяву.

ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым донарам міжнароднай арганізацыі.

Самы апошні рахунак, які выставіў WHO Злучаным Штатам, склаў каля 116 мільёнаў даляраў за год. Акрамя таго, ЗША добраахвотна пералічваюць ад 100 да 400 мільёнаў даляраў штогод на канкрэтныя праекты WHO. У 2017 годзе (гэта апошні год, за які маюцца зьвесткі) такія ўнёскі перавысілі 400 мільёнаў долараў.

Гэта значыць, што ў той год ЗША пералічылі WHO больш за 500 мільёнаў даляраў, што складае крыху менш за чвэрць за штогадовы бюджэт арганізацыі. Агульны бюджэт WHO у 2016–2017 гадах перавысіў 4 мільярды даляраў.

«WHO атрымлівае ад нас велізарныя грошы», — зазначыў Трамп.

WHO высока ацаніла транспарэнтнасьць Кітая ў дачыненьні да віруса, хоць некаторыя крытыкі гавораць, што ёсьць падставы меркаваць, што рэальная колькасьць памерлых ад COVID-19 перавышае афіцыйныя дадзеныя.

Асноўнае раздражненьне Трампа зьвязана з заявай WHO у канцы студзеня аб тым, што «забароны на паездкі ў пацярпелыя рэгіёны або адмова ва ўезьдзе пасажыраў, якія прыбываюць з пацярпелых рэгіёнаў, як правіла, неэфэктыўныя для прадухіленьня завозу» выпадкаў каранавірусу і замест гэтага могуць прывесьці да значных нэгатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў.

Заява была зроблена пасьля таго, як Трамп увёў забарону на ўезд у ЗША падарожнікаў з краін, сур'ёзна пацярпелых ад каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG