Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары кітайскага Ўханю ня вераць афіцыйным лічбам пра сьмерці ад каранавірусу: «Лік ідзе на дзясяткі тысяч»


Дэзынфэкцыя з дапамогай робата ва Ўхані, ілюстрацыйнае фота
Дэзынфэкцыя з дапамогай робата ва Ўхані, ілюстрацыйнае фота

Улады кітайскага гораду Ўханю, зь якога пачаўся распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, нядаўна заявілі аб спыненьні двухмесячнага карантыну. Але мясцовыя жыхары ўсё больш скептычна ставяцца да афіцыйнай статыстыкі, расказвае Радыё Свабодная Азія.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Кітаі ад COVID-19 памерлі 3312 чалавек — зь іх каля 2500 ва Ўхані. Агулам зафіксавалі 81,5 тысячы выпадкаў. Выпісалі здаровымі 76,2 тысячы. Хворымі лічацца 2 тысячы чалавек, і колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы спадае няспынна зь сярэдзіны лютага.

З пачатку гэтага тыдня сем найбуйнейшых пахавальных бюро Ўханю штодня выдаюць сем'ям нябожчыкаў у сярэднім 500 урнаў з прахам. Гэта дае падставы меркаваць, што каранавірус стаў прычынай сьмерці значна большай колькасьці людзей, чым пра гэта заяўляе афіцыйны Пэкін. Каля пахавальных бюро ўтвараюцца чэргі.

«Гэтага ня можа быць, — кажа ў інтэрвію Радыё Свабодная Азія жыхар Уханю па прозьвішчы Чжан. — Калі крэматорыі працуюць круглыя суткі, то якім чынам загінула так мала людзей?»

Мясцовыя карыстальнікі сацсетак падлічваюць штодзённую нагрузку на пахавальныя бюро — выходзіць каля 3500 урнаў штодзень. Сайт Caixin.com палічыў, што пахавальны дом у Ханькоў (адным з трох гістарычных гарадоў, якія цяпер утвараюць «трохгорад» Ухань) толькі за адзін дзень атрымаў 5 тысяч урнаў з крэматорыю. Мяркуецца, што з 23 сакавіка па 5 красавіка (да дня памінаньня памерлых) родзічам памерлых выдадуць 42 тысячы урнаў. Гэта ўсё істотна больш за звычайныя лічбы.

Крыніца, блізкая да правінцыйных бюро грамадзянскіх справаў, сьцьвярджае, што многія людзі памерлі ў сябе дома, ня трапіўшы ў афіцыйную статыстыку. Па словах крыніцы, сапраўдная колькасьць сьмерцяў ва Ўхані засакрэчаная, аднак улады, мяркуючы па ўсім, ведаюць рэальныя лічбы.

Жыхар Уханю Чэнь Яохуэй сказаў Радыё Свабодная Азія, што гарадзкія ўлады раздаюць сем'ям загінулых 3000 юаняў (каля 422 даляраў) у якасьці «дапамогі на пахаваньне» — у абмен на іх маўчаньне аб сапраўдных прычынах сьмерці блізкага чалавека.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG