Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе яшчэ горай». Як каранавірус мяняе рэчавыя рынкі


У нядзелю, 5 красавіка 2020, на найвялікшым рынку Магілёва — Віленскім

З пашырэньнем каранавірусу пусьцеюць рэчавыя рынкі ў вялікіх гарадах. Гандляры кажуць, што спажывецкая актыўнасьць, якая і раней не была высокай, цяпер упала да крытычнай адзнакі. Паводле дробных прадпрымальнікаў, закрыцьцё межаў, крызіс у эканоміцы і боязь людзей заразіцца змушаюць іх думаць пра спыненьне працы. Пратрымацца яны змогуць максымум паўтары месяцы і спадзяюцца на падтрымку дзяржавы.

Свабода пабыла на найвялікшым рынку Магілёва — Віленскім. Паводле мясцовых гандляроў, да каранавірусу яго наведвала да 6 тысяч пакупнікоў за дзень. Цяпер жа ў нядзелю, найбольш людны дзень, іх не набіраецца і паўтары тысячы. Саміх гандляроў некалькі соцень.

Гандляр: выручка зьменшылася на 60-70 працэнтаў

Гандляры бавяць час у гутарках між сабою і ажыўляюцца, калі між павільёнамі зьяўляюцца рэдкія пакупнікі. Спадзеву, што сытуацыя зьменіцца да лепшага, у прадпрымальнікаў няма. Настрой панылы.

«Мая выручка зьменшылася на 60-70 працэнтаў і гэта дужа адчувальна, — апавядае пра сытуацыю адзін зь першых суразмоўцаў. — Безумоўна гэта зьвязана з каранавірусам. Многія прадпрыемствы апынуліся ў няпростай сытуацыі, пачалі ўразаць заробкі, таму людзі ня маюць лішніх грошай на абноўкі. Толькі на харчаваньне».

Па словах гандляра, многія ягоныя калегі ўжо не выходзяць на працу ў будні, бо няма пакупніка. У іх тавар сэзонны: прывезены з Расеі і Турэччыны. Цяпер трапіць туды немагчыма, бо межы закрытыя.

«Нават, калі і зьявілася б магчымасьць папоўніць тавар, то сытуацыю гэта наўрад ці б выратавала, бо попыту на яго ўсё адно няма», — кажа ён.

«Калі б карантын, нам было б прасьцей...»

Гандляры кажуць, што ў мінулыя гады ў гэты час пакупнікі ішлі на рынак ужо па тавар да лета. Цяпер жа ім не ўдалося прадаць і паловы вясновага асартымэнту.

«У пакупнікоў і раней не было шмат грошай, а тут яшчэ і карнавірус. Выручкі няма, — кажа яшчэ адзін суразмоўца. — Але ад нас патрабуюць, як і раней, у поўным аб’ёме плаціць арэнду. Што будзе далей, ніхто ня ведае. Малаверагодна, што пандэмія скончыцца празь месяц».

Некаторыя ралеты на Віленскім рынку нават у нядзелю не адчыняюцца
Некаторыя ралеты на Віленскім рынку нават у нядзелю не адчыняюцца

Па словах гандляроў, цяпер арэндная аплата за ралет складае 285 рублёў. Калі ж ён чужы, то сума вырастае яшчэ на 70-100 даляраў. Некаторыя з суразмоўцаў адзначылі: з траўня арэнду зьменшаюць на 15 працэнтаў (прыкладна на 40 рублёў).

«Калі б увялі карантын, нам бы было значна прасьцей. Мы б проста зачыніліся, — разважаюць гандляры, — У нас зьявіліся б законныя падставы не плаціць за працоўныя месцы. А так мы заплацілі і вымушаныя ходзіць на рынак са спадзевам хоць нешта прадаць. Даводзіцца праядаць запасы, якія, паверце, не бязьмежныя».

Гандляры спадзяюцца, што дзяржава прыйдзе на дапамогу

Гандляры не хаваюць, што хацелі б, каб дзяржава выкарыстала свае рэсурсы для падтрымкі дробных прадпрымальнікаў. Каб на час пандэміі істотна была зьменшана, альбо наагул адмененая арэндная плата. Сярод іх ходзяць чуткі, што ва ўрадзе нібыта працуюць над законапраектам, які прадугледжвае адтэрміноўку аплаты арэнды да 30 верасьня.

«Але, каб дзяржаве наважыцца на такі крок, неабходна сказаць праўду пра сытуацыю з каранавірусам у краіне. Ні за якімі лазьнямі, трактарамі, гарэлкай ёй не схавацца», — кажа прадпрымальнік.

Тавар ёсьць, пакупнікоў няма
Тавар ёсьць, пакупнікоў няма

Некаторыя з гандляроў, якія набываюць тавар у Турэччыне, кажуць, што з ростам курсу даляра вымушаныя былі ўзьняць цэны. У сярэднім на адзінку тавару яны вызрасьлі на 7-10 рублёў (2-4 даляры).

«Гэта ж толькі па тэлебачаньні кажуць, што каранавірусу няма»

Гандляры і больш за палову пакупнікоў у мэдычных масках. Некаторыя ў пальчатках. Большасьць адзначаюць, што ў аптэках не заўжды ўдаецца набыць неабходныя сродкі, каб ратавацца ад эпідэміі.

«Гэта ж толькі па беларускім тэлебачаньні кажуць, што каранавірусу няма ў Беларусі, але людзі хварэюць і паміраюць. І гэта ўжо прызнаецца», — кажа адна з пакупніц.

Гандляры прызнаюцца, што вытрымаць, як раяць спэцыялісты, дыстанцыю падчас стасункаў з пакупнікамі не ўдаецца. Пра гэта ж кажуць і пакупнікі. «Калі прымяраеш рэч, то маску даводзіцца здымаць», — заўважаюць яны.

«Стараемся, калі гутарым, адварочваць галаву ўбок, каб кантакт зьменшыць. Потым абціраем рукі антысэптыкам. Наагул пакуль усе гэтыя захады нязвыклыя для нас», — кажа жанчына сталага веку.

«У нас іншага выйсьця няма, як цярпець»

Пакупнікоў ня дзівіць пустынны рынак, бо «эпідэмія ж». Яны кажуць, што асартымэнт зьбяднеў, а патрэбную рэч складана знайсьці. На думку двух маладых суразмоўніцаў «усё гэта зьвязана з каранавірусам», бо «ён закрыў межы».

«Нам пашанцавала выбраць тое, што хацелі, але на наступным тыдні будзе яшчэ горай», — кажуць яны і тут жа дадаюць, што цэны на «рынку нязначна, але ўзрасьлі».

Мэдычная маска — атрыбут пакупнікоў на рынку
Мэдычная маска — атрыбут пакупнікоў на рынку

«Гандляры таксама людзі. Пакупнікоў усё меней і заўтра іх можа наагул ня стаць. Усе застануцца дома. Вось, гандляры і спрабуюць хоць нешта выгадаць», — разважаюць дзяўчаты.

Наступныя суразмоўцы, сямейная пара, кажуць, што рынак пустынны, як і гарадзкія вуліцы. Да такой сытуацыі яны ўжо прывыклі.

«Гэта ўсё будзе трываць месяц ці паўтара. У нас іншага выйсьця няма як толькі цярпець. Думаю, што варта рыхтавацца да карантыну», — лічаць сямейнікі.

Гандляры бавяць час гутаркамі між сабой
Гандляры бавяць час гутаркамі між сабой

У наступнага суразмоўцы сытуацыя таксама не выклікае зьдзіўленьня.

«Вы ж паглядзіце на паводзіны прэзыдэнта, — кажа ён. — Спачатку заяўляе, што вірусу няма, бо яго ня бачна. Потым між іншым, нібыта, дапускае карантын. Такія паводзіны зьняважлівыя для людзей, бо каранавірус ёсьць і ўжо мруць людзі...».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG