Супрацоўнікі ФСБ падчас спробы затрыманьня забілі жыхара Мурманску, падазраванага ў падрыхтоўцы тэракту, паведамляе «Интерфакс» з спасылкай на Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт.
У камітэце забітага назвалі прыхільнікам тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Сьцьвярджаюць, што ён страляў па байцах спэцназу. На месцы няўдалага затрыманьня знайшлі самаробнае выбуховае прыстасаваньне, пісталет і патроны.
Асобу забітага не раскрываюць. Паводле антытэрарыстычнага камітэту, пасьля плянаванага тэракту падазраваны зьбіраўся зьехаць з Расеі на Блізкі Ўсход.