Пасьля першай афіцыйна пацьверджанай сьмерці ад каранавірусу ў Віцебску Мінздароўя наогул перастала публікаваць інфармацыю пра агульную колькасьць хворых у краіне, у гэтай сытуацыі праваабаронцы асабліва занепакоеныя становішчам вязьняў, інфармацыя пра якіх увогуле недаступная для грамадзкасьці, піша праваабарончы сайт «Вясна».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Праваабаронцы адзначаюць, што ў Віцебску склалася напружаная сытуацыя ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавірусу, а ў Віцебскай вобласьці знаходзяцца пяць калёній, тры папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, два лячэбна-працоўныя прафілякторыі і СІЗА.
Раней у турмах і калёніях адмянілі спатканьні «ў мэтах прафіляктыкі інфэкцыйных захворваньняў», але на днях Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала прыняць тэрміновыя меры для абароны жыцьця і здароўя зьняволеных у сувязі з пандэміяй COVID-19.
«У многіх краінах месцы пазбаўленьня волі перапоўненыя, часам да небясьпечнай мяжы. Людзей часта ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, а мэдыцынская дапамога не адпавядае неабходным стандартам або наогул адсутнічае. Фізычнае дыстанцыяваньне і самаізаляцыя ў такіх умовах практычна немагчымыя», — заявіла Бачэлет.
Як адзначыла Мішэль Бачэлет, уладам неабходна разгледзець магчымасьць вызваленьня вязьняў, найбольш уразьлівых да COVID-19, сярод якіх пажылыя людзі, хворыя, тыя, хто зьдзейсьніў мала небясьпечныя злачынствы.
«Сёньня як ніколі ўрады павінны вызваліць кожнага, хто быў затрыманы бяз важкіх прававых падстаў, у тым ліку палітвязьняў і іншых асобаў, затрыманых толькі за выказваньне крытычных поглядаў і іншадумства», — падкрэсьліла Бачэлет.
Вярхоўны камісар таксама заклікала не забывацца на тых, хто знаходзіцца ў закрытых псыхіятрычных установах, дамах састарэлых і інтэрнатах, а таксама тых, хто там працуе, і наведнікаў, таму што наступствы для гэтых людзей могуць быць катастрафічнымі.