Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайты дэзынфармацыі атрымліваюць штогод $76 мільёнаў за рэкляму сусьветных брэндаў


Рэкляма некаторых найбуйнейшых сусьветных брэндаў фінансуе вядомыя ў Эўропе сайты дэзынфармацыі на суму, ня меншую за 76 мільёнаў даляраў за год.

Пра гэта паведамляе сайт Эўразьвязу EUvsDISINFO, спасылаючыся на дасьледаваньне «Глябальнага індэксу дэзынфармацыі».

Паводле дасьледаваньня, штогадовыя прыбыткі ад рэкламы буйных карпарацый, уключаючы Amazon Prime, Burger King, Mercedes Benz, Samsung, Spotify і Volvo у памеры 76 мільёнаў даляраў ідуць сайтам, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю. Адзначаецца, што для разьмяшчэння гэтай рэклямы выкарыстоўваюцца ня менш вядомыя тэхналягічныя кампаніі, сьпіс якіх узначальваюць Google (Ad Services і DoubleClick) і Criteo.

Дасьледаваньне паказала, што Google дае рэклямныя паслугі 57% дэзынфармацыйных сайтаў, выкарыстаных у выбарцы, выплачваючы ім 62% ад меркаванага агульнага даходу — суму 48 млн даляраў за год.

Сьледам за Google ідзе француская тэхналягічная рэклямная кампанія Criteo, якая таксама забясьпечвае разьмяшчэньне істотнай долі рэклямы на эўрапейскіх дэзынфармацыйных сайтах, даючы 13% зь іх рэкляму, якая прыносіць даход, роўны 13 мільёнам даляраў за год (17% ад агульнай выручкі).

Акрамя таго, у дасьледаваньні згадваюцца і іншыя тэхналягічныя кампаніі, такія як Amazon, Moneytizer, OpenX, Pubmatic, Revcontent, Rubicon Project, Taboola, Teads, The Trade Desk, Twitter і Xandr.

У выбарку ўвайшлі замежныя навінавыя сайты, вядомыя распаўсюджваньнем дэзынфармацыі ў Эўропе, такія, напрыклад, як варыяцыі Russia Today, Sputnik News і Epoch Times на розных мовах і ў розных краінах, а таксама дамэны ў некалькіх эўрапейскіх краінах. У прыватнасьці, у дасьледаваньні праведзены аналіз па васьмі краінах: Баўгарыя, Вугоршчына, Нямеччына, Гішпанія, Італія, Славаччына, Францыя і Чэхія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG