Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэны на прадукты могуць вырасьці ўжо на гэтым тыдні», — бізнэсовец


Найперш падаражэе рыба, а некаторыя тавары могуць нават зьнікнуць. Гандлёвыя сеткі маюць праблемы з завозам харчоў праз закрытыя межы.

Сьцісла

  • Паводле экспэртаў, неўзабаве вырастуць цэны на харчы.
  • На нехарчовыя тавары цэны не растуць, бо прадпрымальнікі распрадаюць запасы.
  • Ня варта чакаць павышэньня цэнаў і на бытавую тэхніку.
  • «Камуналка» будзе на ранейшым узроўні, хоць і мусіць апускацца, бо таньнее нафта і газ.

Усе краіны вакол Беларусі закрылі свае межы, і хоць дальнабойнікаў з грузамі праз межы прапускаюць, гэта адбываецца нашмат павольней, чым звычайна. Да таго ж падае беларускі рубель. З гэтых прычын гандлёвыя сеткі ў Беларусі ўжо адчуваюць праблемы зь некаторымі таварамі.

«Вырастуць цэны на прадукты»

Бізнэсоўцы прагназуюць дэфіцыт некаторых імпартных харчовых тавараў.


«Нават пры ўмове, што фуры перамяшчаюцца празь межы, яны там стаяць нашмат даўжэй. Кіроўцаў то ў адной краіне, то ў другой закрываюць на карантын. Што да тавараў, якія мы экспартуем, — будзе перанасычэньне, а на імпарт варта чакаць неданасычэньня, нават да дэфіцыту. Некаторыя аптовыя кампаніі проста перасталі адгружаць тавар, некаторыя ўжо паднялі цэны», — тлумачыць бізнэсовец, сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Сярод асноўных прычын росту цэнаў — рост даляра адносна беларускага рубля. Паводле Віктара Маргелава, павышэньня цэнаў у крамах варта чакаць ужо на гэтым тыдні.

«На сёньня ўжо вельмі вырасьлі ў цэнах пастаўкі рыбнай прадукцыі, таму людзі могуць ужо на гэтым тыдні зьдзівіцца новым цэнам у крамах. Старыя запасы на складах ужо заканчваюцца. Многіх тавараў, да якіх мы традыцыйна прывыклі, проста можам не пабачыць на паліцах у крамах. Могуць зьнікнуць тавары нізкага спажываньня, якіх было мала ў аптовай сетцы, і адмыслова іх ніхто не павязе. Але прадказаць, што канкрэтна зьнікне, складана», — расказвае Віктар Маргелаў.

Пакуль дзяржава не ўводзіць нейкіх жорсткіх захадаў, каб крамы не змаглі павышаць цэны. Пры гэтым аптовыя пастаўшчыкі нават беларускага тавару ўжо паднялі цэны на сваю прадукцыю, заўважае Віктар Маргелаў.

У студзені сёлета Беларусь імпартавала тавараў на 2,2 мільярда даляраў, паведамляе Белстат. Гэта каля 90 краін, цяпер межы большасьці зь іх закрытыя, што ўскладняе перамяшчэньне грузаў, якое адбываецца больш павольна. Больш марудна арганізоўваецца і экспарт зь Беларусі.

Па назіраньнях Свабоды, на прыкладзе адной крамы сеткі «Эўраопт» за месяц цэны на такія прадукты, як цукар, мука, грэчка, яйкі, хлеб засталіся на ранейшым узроўні (па дадзеных на 30 сакавіка).

«На нехарчовыя тавары цэны пакуль расьці не будуць»

Паводле кіраўніка аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, росту цэнаў на нехарчовыя тавары ў найбліжэйшы час ня будзе. Прадпрымальнікі распрадаюць запасы, якія назьбіраліся на складах, і хопіць іх надоўга.


«Запасаў хопіць надоўга з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасьці. На рынках і ў гандлёвых цэнтрах тавараў дастаткова. На сёньня тавар падлічаны паводле старога курсу, гэта прадпрымальнікі, якія гандлююць вопраткай, абуткам. Цэны дакладна ня будуць мяняцца. Бо тут ужо пытаньне выжываньня дробнага бізнэсу. Пра падтрымку з боку ўраду нічога не чуваць», — апісвае сытуацыю Анатоль Шумчанка.

Ня варта чакаць і росту цэнаў на бытавую тэхніку: распрадаюць тавары, закупленыя яшчэ па старых цэнах, а з новымі пастаўкамі ёсьць цяжкасьці праз закрытыя межы.

«Камунальныя паслугі мусяць таньнець, але гэтага не адбываецца»

Ва ўсім сьвеце падаюць цэны на нафту і газ, што мусіць пацягнуць за сабой падзеньне цэнаў на камунальныя паслугі для насельніцтва, зазначае кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.


«Расейская нафта 17 даляраў, а ў нас ня могуць дамовіцца на нейкія прэміі для расейскіх кампаній. Набывайце па сусьветных цэнах, ды ўсё. Гэта зьменшыць тарыфы на камунальныя паслугі, на транспарт, шмат на што. А ў нас нейкі шантаж нацыянальнай эканомікі праз манаполію дзяржавы», — абураецца Яраслаў Раманчук.

Ён зьвяртае ўвагу, што ў цяперашняй сытуацыі пандэміі ўрад не кантактуе з экспэртнай супольнасьцю наконт шляхоў выхаду з эканамічных праблем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG