Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг Алена Гапава: У барацьбе з пандэміяй адзінае выйсьце — больш сацыялізму


Алена Гапава
Алена Гапава

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы прафэсаркі катэдры сацыялёгіі Ўнівэрсытэту Заходняга Мічыгану (ЗША) Алены Гапавай.

Сьцісла:

  • Пол Кругман, нобэлеўскі ляўрэят па эканоміцы, паведаміў учора, што на гэтым тыдні колькасьць зваротаў па дапамогу зь беспрацоўя ўзрасла ў 11 (!) разоў і дасягнула 3,3 мільёнаў чалавек, і гэта толькі пачатак
  • Чаму арганізаваць вытворчасьць «шмутак» у неверагодных памерах было можна – я чытала, што Zara кожны сэзон зьнішчае горы непрададзенага адзеньня – а перапрафіляваць іх на пашыў масак нельга – цікавае пытаньне
  • У Амэрыцы закрыліся тысячы бізнэсаў, мільёны (ня тысячы, а мільёны) людзей згубілі працу і ня ведаюць, як у наступным месяцы заплаціць арэнду ці купіць ежу
  • Хацелася б, каб пандэмія падштурхнула да агульнага мэдычнага забесьпячэньня
  • Добра было б, канешне, калі б усё чалавецтва аб’ядналася ў «адзіны інстытут»

— Ці існуе сярод навукоўцаў кансэнсус, што трэба рабіць у гэтай сытуацыі, якім мусіць быць балянс паміж мэтамі — каб імгненна не захварэлі ўсе і каб эканоміка не абрынулася. Цяпер часта прыгадваюць Чарнобыль, маўляў, ня слухалі тады навукоўцаў. А цяпер усе навукоўцы гавораць адно і тое ж? І навукоўцы-мэдыкі гавораць тое ж, што і навукоўцы-эканамісты?

— Наконт кансэнсусу лепей спытацца ў экспэртаў-мэдыкаў і эканамістаў. Я ж чытаю тыя ж самыя папулярныя тэксты пра мэдыцыну і эканоміку, што і ўсе астатнія. Ну вось Пол Кругман, нобэлеўскі ляўрэат па эканоміцы, паведаміў учора, што на гэтым тыдні колькасьць зваротаў па дапамогу зь беспрацоўя ўзрасла ў 11 (!) разоў і дасягнула 3,3 мільёнаў чалавек, і гэта толькі пачатак, калі эканоміка спыніцца. Вось з гэтым, здаецца, усе эканамісты згодныя.

— Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі? Экспэрты гавораць, што мы можам адно рэгуляваць хуткасьць заражэньня, гэта значыць, хуткасьць выміраньня. Гэтае рэгуляваньне ёсьць рэгуляваньне найперш ціску на сыстэму аховы здароўя, на мэдыцыну. А яна ні ў воднай краіне не разьлічаная на такую колькасьць хворых, якім патрэбнае такое складанае і дарагое лячэньне. Калі мы ўсе разам захварэем, шмат людзей памрэ проста таму, што на іх ня хопіць рэсурсаў дапамогі. Што ў гэтай сытуацыі ёсьць гуманнасьць?

— У гэтай сытуацыі — як і ў іншых — гуманнасьць у тым, каб выратаваць найбольшую колькасьць людзей. Вашае ж пытаньне трохі пра іншае: каго выратоўваць, калі рэсурсаў на ўсіх не хапае. Памятаеце, ёсьць вядомая «маральная» задача — яна існуе ў шматлікіх варыянтах: ідзе цягнік, на рэйках з аднаго боку ляжаць бездапаможныя пяць чалавек, зь іншага — адзін, але ён геній, альбо ляжаць пяць старых і адзін малады, і ў вашых руках мэханізм пераводу напрамку. Куды вы адправіце той цягнік?

Тут ёсьць розныя падыходы. Вайскова-палявая хірургія адказвае так: ратаваць тых, каго можна ўратаваць. Другі — калі падчас ленінградзкай блякады больш вялікі паёк быў у рабочых абарончых прадпрыемстваў. Гэта значыць ратаваць тых, хто «больш патрэбны». Але зараз не вайна, і гуманнасьць, здаецца, у тым, каб перанакіраваць рэсурсы на барацьбу з эпідэміяй. Чаму арганізаваць вытворчасьць «шмутак» у неверагодных памерах было можна — я чытала, што Zara кожны сэзон зьнішчае горы непрададзенага адзеньня — а перапрафіляваць іх на пашыў масак нельга — цікавае пытаньне. Дзіўная прырода глябальнага капіталізму.

— Вы шмат пісалі пра клясавую структуру сучасных грамадзтваў. Ці можна сказаць, што пандэмія каранавірусу абвастрыла адносіны паміж сацыяльнымі групамі? Скажам, для ІТ-шніка карантын, локдаўн, могуць ня надта зьмяніць лад жыцьця, ён і раней можа працаваў онлайн. Але фэрмэр ці калгасьнік, рабочы на канвэеры Форда ці МАЗа — ім як онлайн зямлю пахаць ці машыны зьбіраць? Пры тым, што паміраць ад вірусу нікому ня хочацца.

— Эпідэмія і карантын абвастрылі няроўнасьць, у тым ліку паміж тымі, хто займаецца фізычнай і «інтэлектуальнай» працай. У Амэрыцы, дзе я цяпер, закрыліся тысячы бізнэсаў, мільёны (ня тысячы, а мільёны) людзей згубілі працу і ня ведаюць, як у наступным месяцы заплаціць арэнду ці купіць ежу. Дагэтуль фармальна ніжэй за мяжу беднасьці знаходзяцца 15% насельніцтва, гэта значыць 48 мільёнаў чалавек. Колькі зараз, ня ведаю. Падобная сытуацыя была амаль сто гадоў таму падчас Вялікай Дэпрэсіі. Тады быў выпрацаваны «Новы курс» (New Deal) — амэрыканская сыстэма сацыяльнай абароны. Вельмі абмежаваная, але гэта быў моцны рух. Зараз Кангрэс ужо прыняў рашэньне выдзеліць два трыльёны даляраў на барацьбу зь вірусам і эканамічную дапамогу бізнэсам. Адзінае выйсьце тут — «больш сацыялізму».

— Ці назіраюцца ў цяперашняй пандэміі сацыяльныя, маёмасныя падзелы ў атрыманьні лячэньня? Паводле ідэі, пры капіталізме гэта — даброты, goods, якія маюць цану і якія мусяць даставацца тым, хто здольны больш заплаціць. Яно так і адбываецца? У ЗША, у Эўропе так і адбываецца? І ці будзе так адбывацца, калі пандэмія будзе пашырацца?

— У ЗША няма агульнага мэдычнага забесьпячэньня. На практыцы гэта значыць, што існуе розьніца паміж багатымі і беднымі ў працягласьці жыцьця, а таксама ў долях людзей, што паміраюць ад захворваньняў, якія можна вылечыць. 80 мільёнаў чалавек ня маюць мэдычных страховак зусім альбо часткова. Зразумела, калі незастрахаваны чалавек прыйдзе ў прыёмны пакой шпіталя, яго будуць ратаваць таксама, як усіх, але ў яго можа быць шмат іншых мэдычных праблемаў. Хацелася б, каб пандэмія падштурхнула да агульнага мэдычнага забесьпячэньня. Але ў гэтай ідэі дагэтуль шмат праціўнікаў, бо гэта ж атрымліваецца «сацыялізм».

— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым самі грамадзтвы, урады, у тым ліку і ў самых дэмакратычных краінах, усталёўваюць шмат дзе такія абмежаваньні свабоды, якія раней былі ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Юваль Гарары прагназуе ўмацаваньне кантролю дзяржавы над людзьмі. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні і ўмацаваны кантроль? Пройдзе пандэмія і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Ці можна цяпер сказаць, чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны на сьвет да яе?

— Пра гэта цяпер шмат гавораць. Каб процістаяць «таталітарызму», патрэбныя грамадзянская супольнасць, актыўнасьць грамадзянаў. Што будзе потым, сказаць цяжка, здаецца, шмат што можа зьмяніцца, але трэба памятаць, што часам аўтарытарныя грамадзтвы лепш спраўляюцца з выклікамі кшталту эпідэміі альбо прыродных катаклізмаў, бо маюць цэнтралізаваныя сыстэмы, разьлічаныя на масавыя меры.

Тут прыгадваецца ўраган Катрына ў ЗША, што адбыўся ў 2005 годзе. Тады быў затоплены Новы Арлеан. Урад ЗША сказаў насельніцтву, што йдзе навала і трэба зьяжджаць. Далей свабодныя грамадзяне мусілі прымаць свае рашэньні самі. Ну, і багатыя зьехалі, бедныя засталіся: у іх не было аўтамабіляў ці грошай, каб заліць у бак машыны бэнзін. Дапамога ўраду прыйшла праз тры дні, калі па вуліцах ужо плавалі сотні трупаў, а астатнія сядзелі без вады і ежы. Той выпадак вельмі паказальны. Патрэбны балянс паміж цэнтралізацыяй і «правам на свабоднае рашэньне». Дэмакратыя — гэта працэс перамоваў паміж дзяржавай і грамадзянамі.

— І Гарары, і Алексіевіч спадзяюцца на адраджэньне чалавечай і міждзяржаўнай салідарнасьці. А вы? Ці не наіўныя гэта спадзяваньні, ці не наступае час маралі «кожны за сябе», «памры ты сёньня, а я заўтра»? Кожны за сябе — нацыя, кляс, чалавек?

— Ну вы як той Гобс, вялікі палітычны філёзаф, які пісаў пра «натуральны» (дагістарычны) стан чалавецтва. Гэта калі кожны сам па сабе, і ўсе змагаюцца за абмежаваныя рэсурсы. Каб пазьбегнуць гэтага, лічыў ён, трэба ўводзіць правілы, якія прадугледжваюць найбольшы дабрабыт для ўсіх і назіраць за іх выкананьнем. Дзеля гэтага патрэбная дзяржава, якая будзе імкнуцца ператварыцца ў «Левіяфана» (так і завецца яго кніжка), таму грамадзтва павінна яго кантраляваць. Вы гаворыце «нацыя, чалавек, кожны сам па сабе». Дык нацыя і чалавек — гэта ж розныя рэчы. Нацыя — гэта інстытут сацыяльнай дзяржавы, які дбае пра ўсіх сваіх. Калі адказваць на ваша пытаньне, я за стварэньне працаздольных інстытутаў. Добра было б, канешне, калі б усё чалавецтва аб’ядналася ў «адзіны інстытут», але...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG