Падчас наведваньня прадпрыемства «Белгіпс» Аляксандар Лукашэнка паабяцаў яшчэ расказаць «шмат цікавага», калі скончыцца «каранавірусны псыхоз». Гэта паказаў тэлеканал СТВ.
Што сказаў Лукашэнка?
- «Вось калі скончыцца каранавірус гэты, і ня вірус, а псыхоз, я вам шмат чаго цікавага раскажу. Вельмі шмат».
- Кіраўнік Беларусі прапанаваў падумаць, каму было неабходна зьяўленьне каранавірусу і хто гэтым скарыстаўся.
- «Зьявілася шмат людзей (ну, можа, у Беларусі ня так шмат — кіраўнік Адміністрацыі і дзяржсакратар займаюцца гэтым) — хайпануць, як можна цяпер, на гэтай тэме ў інтэрнэце. Мы пачалі адлоўліваць такіх і пытаць у іх. Ведаеце, псыхозу і так хапае, а трэба падагрэць дзесьці, паказаць. А так званая апазыцыя спрабуе гэта скарыстаць супраць улады. Я маўчу — час нас рассудзіць», — сказаў Лукашэнка.
- Паводле Лукашэнкі, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін можа сабе дазволіць абвясьціць выходныя, а беларусам «проста так ніхто нічога ня дасьць». Бо ў Беларусі няма неабходнасьці ў такіх жорсткіх захадах. Разьлічваць трэба на сябе і «працаваць так, нібыта ты адзін у сьвеце».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ