Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас няма ніякай „жэсьці“». Як жыве 10-павярховы дом, у жыхаркі якога знайшлі каранавірус


Машына хуткай дапамогі ў Гомлі, на якой жанчыну і мужчыну сталага веку забралі і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя. 25 сакавіка 2020 году

Гомельскі Цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя пацьвердзіў другі выпадак захворваньня на каранавірус у рэгіёне. Як пісала Свабода, інфэкцыю выявілі ў дзяўчыны, якая на мінулым тыдні вярнулася з Францыі. Цяпер жыхары 40-кватэрнага дому — «кантакты другога ўзроўню». Як праходзіць самаізаляцыя, расказала адна з жыхарак дому.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Захады — адэкватныя сытуацыі»

Жыхарка дому ў новым мікрараёне Гомля ацэньвае захады, якія зрабілі мэдыкі пасьля выпадку каранавірусу, як адэкватныя і апэратыўныя.

«Адразу скажу, што мы не падпісвалі ніякіх папер аб неразгалошваньні інфармацыі. Прынамсі, я такога ня чула. Нам не пагражаюць штрафамі, мэдыкі проста настойліва раілі выконваць пэўныя правілы», — падкрэсьліла жыхарка дому.

Паводле яе слоў, падзеі разьвіваліся так: 24 сакавіка каля 22.00 у пад’езьдзе прайшла дэзынфэкцыя, «прыехала брыгада ў адмысловай вопратцы, як кажуць — у скафандрах». Мэдыкі патлумачылі, што ў адной з жыхарак дому падазрэньне на каранавірус. Каля 23.00 да жыхароў прыйшлі двое: супрацоўнік міліцыі і яшчэ адзін чалавек у цывільным. Яны перапісалі дадзеныя жыхароў — «сказалі, што будуць кантраляваць сытуацыю». Назаўтра ў дачкі нашай суразмоўніцы пачаўся кашаль, маці выклікала лекара.

«Мне з паліклінікі паведамілі, што жыхары нашага дому — кантакты другога ўзроўню, таму ўчастковы лекар да нас ня прыйдзе, і мэдыкі самі выклікалі „хуткую“. Дачку з мужам завезьлі ў інфэкцыйны шпіталь. Там яны былі ў ізаляваным боксе. Лекары да іх прыходзілі „ў поўнай амуніцыі“. У дачкі і мужа ўзялі пробы, яны былі адмоўныя, і сёньня іх адпусьцяць дахаты», — зазначыла жанчына.

Суседзі зьвязваліся зь дзяўчынай, якая праз каранавірус трапіла ў інфэкцыйны шпіталь. «Яна ў ізаляваным боксе. Яе лечаць, перадачы ёй перадаюць», — дадала жыхарка дому.

«Што далей будзе — на сумленьні кожнага»

Яна кажа, што афіцыйна іх дом на карантын «не пасадзілі», але настойліва раілі пабыць дома, не пускаць дзяцей у школы і садкі, паведаміць пра сытуацыю працадаўцу.

«Нам раілі не пакідаць дом без асаблівай неабходнасьці. Калі ідзем у краму ці аптэку, быць у масках. Раілі не хадзіць у шматлюдныя месцы. Дзяцей я не ваджу гуляць на дзіцячую пляцоўку. Мы гуляем ці ў ляску, ці на пустцы. У нас ніякіх страхаў няма, ніякай „жэсьці“. Парады нам далі, а што далей будзе — на сумленьні кожнага з жыхароў дому», — кажа жанчына.

Паводле яе слоў, дзяўчыну, якая заразілася, суседзі не вінавацяць, «бо такое можа з кожным здарыцца».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG