Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын прэзыдэнта Таджыкістану стаў «сэнатарам»

Сын таджыцкага прэзыдэнта Рустам Эмамалі
Сын таджыцкага прэзыдэнта Рустам Эмамалі

Мэр Душанбэ Рустам Эмамалі, сын шматгадовага прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона, абраны членам верхняй палаты парлямэнту.

У Таджыкістане 25 членаў верхняй палаты парлямэнту выбіраюць дэпутаты мясцовых заканадаўчых сходаў (маджлісаў), а восем сэнатараў прызначае ўласным указам непасрэдна прэзыдэнт. Кандыдатура сына прэзыдэнта Таджыкістану ў якасьці члена сэнату 27 сакавіка была аднагалосна падтрыманая на першай сумеснай сэсіі гарадзкога і сталічных раённых маджлісаў народных дэпутатаў.

У красавіку 2017 года і ў сакавіку 2020 году Рустам Эмамалі быў абраны дэпутатам маджлісу Душанбэ. Яшчэ ў мінулым годзе 30-гадовага (на той момант), сына прэзыдэнта прызначылі мэрам Душанбэ і прысвоілі яму генэральскае званьне. Ён быў самым маладым сталічным мэрам у краінах СНД. Яшчэ раней, у 26 гадоў сын Рахмона ўзначальваў мытную службу краіны.

Па прагнозах большасьці мясцовых экспэртаў, Рустам Эмамалі будзе ў Таджыкістане другім чалавекам пасьля прэзыдэнта.

У 2016 годзе ў Канстытуцыю Таджыкістану была ўнесеная папраўка, якая зьменшыла ўзроставы цэнз для абраньня прэзыдэнтам з 35 да 30 гадоў. Экспэрты лічаць, што гэта было зроблена з разьлікам на Рустама Эмамалі.

44-гадовы Віктар Лукашэнка, старэйшы сын кіраўніка Беларусі, у 30 гадоў быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі. На гэтай пасадзе ён застаецца і сёньня, адначасна ўваходзячы ў склад Рады бясьпекі.

XS
SM
MD
LG