Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі таджыцкага апазыцыянэра, яму пагражае экстрадыцыя


Таджыцкі апазыцыйны актывіст Фарход Адынаеў

У Беларусі затрымалі таджыцкага апазыцыйнага актывіста Фархода Адынаева, паведаміла таджыцкай службе Радыё Свабода беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, Адынаева затрымалі на патрабаваньне уладаў Таджыкістану, Менск можа перадаць яго Душанбэ. Таджыцкія ўлады пакуль не камэнтуюць затрыманьне Адынаева.

Юрыстка арганізацыі Human Constanta Наста Лойка паведаміла, што Адынаева затрымалі 25 верасьня на КПП на беларуска-літоўскай мяжы. Паводле яе, улады Таджыкістану абвясьцілі Адынаева ў вышук праз падазрэньне ў дачыненьні да забароненай у краіне арганізацыі. 42-гадовы апазыцыйны актывіст быў сябрам Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану, дзейнасьць якой забаранілі ў 2015 годзе.

Наста Лойка
Наста Лойка

«Вядома, што Беларусь разглядае пытаньне аб экстрадыцыі Адынаева ў Таджыкістан. Цяпер ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Смаргоняў Горадзенскай вобласьці. Мы адсочваем гэтую справу і спрабуем абараніць ягоныя правы, каб яго не катавалі. Мы занепакоеныя, каб яго не адправілі ў Расею. Таджыкістан зьяўляецца сябрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і, магчыма, зможа ініцыяваць экстрадыцыю Адынаева. А гэта вялікая пагроза для апазыцыянэра. Для нас вельмі важна, каб ён ня ўтрымліваўся ва ўмовах, дзе ягоныя правы былі б парушаныя», — сказала Наста Лойка.

У 2013 годзе на працягу некалькіх месяцаў Адынаеў кіраваў у Маскве таджыцкім апазыцыйным тэлеканалам «Сафо ТВ». У тым жа годзе расейскія ўлады закрылі тэлеканал. Прадстаўнікі Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану, якія пражываюць у выгнаньні за мяжой, паведамілі, што Адынаеў нядаўна атрымаў польскую візу і плянаваў узяць удзел у канфэрэнцыі АБСЭ па правах чалавека ў Варшаве.

Партыя ісламскага адраджэньня Таджыкістану была зарэгістраваная ў 1997 годзе пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны, у 2015 годзе яе закрылі. Вярхоўны суд Таджыкістану абвінаваціў партыю ў арганізацыі бунту і ў верасьні 2015 году забараніў яе дзейнасьць. Кіраўніцтва партыі лічыць гэтыя абвінавачаньні беспадстаўнымі.

У лістападзе 2018 году ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» беларускія праваахоўнікі затрымалі былога таджыцкага футбаліста Парвіза Турсунава, якому ў Таджыкістане прад’явілі абвінавачваньне ў «арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай групы» і абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук. Ён ехаў зь сям'ёй празь Беларусь у Эўропу, дзе зьбіраўся прасіць прыстанішча.

Больш за два месяцы Турсунава трымалі спачатку ў СІЗА на Валадарцы ў Менску, потым у ізалятары на Акрэсьціна. За гэты час Таджыкістан накіраваў у Беларусь запыт на дэпартацыю, а Турсунаў, у сваю чаргу, папрасіў у Беларусі палітычнага прыстанішча. Урэшце пракуратура Беларусі палічыла, што прычын перадаваць былога футбаліста Таджыкістану няма. 28 лістапада Парвіза Турсунава выслалі зь Беларусі ў Кіеў.

У мінулым Парвіз Турсунаў быў прафэсійным футбалістам, выступаў у якасьці абаронцы таджыцкай футбольнай каманды «Хайр» з гораду Вахдат. Таджыцкія СМІ паведамлялі ў красавіку 2011 году, што галоўны трэнэр «Хайра» запатрабаваў ад Турсунава згаліць бараду. Прычынай назваў тое, што «праваахоўныя органы ня хочуць бачыць футбаліста на полі з доўгай барадой, як у мулы». Калі Турсунаў адмовіўся, ён быў адлічаны з каманды і пакінуў краіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG