Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыцкі футбаліст папрасіў палітычнага прыстанішча ў Беларусі


Былы таджыцкі футбаліст Парвіз Турсунаў

Былы таджыцкі футбаліст Парвіз Турсунаў, які знаходзіцца пад арыштам у Беларусі і пагрозай экстрадыцыі на радзіму, просіць палітычнага прыстанішча, паведамляе centre1.com.

Сузаснавальніца праваабарончага цэнтру Human Constanta Наста Лойка паведаміла выданьню, што дзеля прыпыненьня працэдуры высылкі Парвіз праз адміністрацыю СІЗА ў Менску падаў хадайніцтва на статус уцекача ў Беларусі. На час разгляду хадайніцтва (40 дзён. — РС) вывучэньне запыту на экстрадыцыю прыпыненае.

Паводле Лойкі, Парвіз ня скардзіцца на ўмовы ў СІЗА, але высылкі баіцца. Тым больш што яго жонка і дзеці вярнуліся ў Таджыкістан і ва ўладаў зьявіліся дадатковыя магчымасьці для шантажу.

Натальля Мацкевіч, беларуская адвакатка затрыманага, расказала, што Таджыкістан ужо даслаў дакумэнты на экстрадыцыю Турсунава. Дакумэнты цяпер вывучае Генэральная пракуратура Беларусі. Калі ведамства прыме рашэньне аб экстрадыцыі, то будзе яго абскарджаньне ў судзе.

Яшчэ 18 лістапада 2016 году ў Таджыкістане Турсунаву прад’явілі абвінавачваньне ў «арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай групы», пасьля чаго футбаліста абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук.

Паводле праваабаронцаў, чый заклік зьмешчаны на сайце Human Rights Watch, на радзіме ў дачыненьні Турсунава могуць быць ужытыя катаваньні або ён можа пацярпець ад жорсткага абыходжаньня.

43-гадовы Парвіз Турсунаў быў абаронцам таджыцкай футбольнай каманды «Хайр» у горадзе Вахдат. Таджыцкія СМІ паведамлялі ў красавіку 2011 году, што галоўны трэнэр «Хайр» запатрабаваў ад Турсунава згаліць бараду, таму што «праваахоўныя органы ня хочуць бачыць футбаліста на полі з доўгай барадой, як у мулы». Турсунаў адмовіўся і быў адлічаны з каманды.

Турсунаў зь сям’ёй пазьней зьехалі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а потым у Турэччыну, дзе яны былі працоўнымі мігрантамі ды займаліся гатаваньнем і продажам страў таджыцкай традыцыйнай кухні. У верасьні сёлета вырашылі празь Беларусь паехаць у Эўропу, дзе меркавалі прасіць прыстанішча.

Тым часам МУС Таджыкістану ў лютым 2018 году распачало ў дачыненьні Парвіза Турсунава крымінальную справу паводле артыкулу аб публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці. Што канкрэтна ставіцца футбалісту ў віну, пакуль невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG