Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічны посьпех: «латаючы» азонавую дзірку, эколягі «адрамантавалі» рух паветра


Антарктыда. Ілюстрацыйнае фота
Антарктыда. Ілюстрацыйнае фота

Глябальныя намаганьні дзеля зьмяншэньня азонавай дзіркі над Антарктыдай дапамагаюць вярнуць гэтак званую вышынную струмянёвую плынь паветра на свой папярэдні, натуральны шлях.

Гэткую выснову зрабілі навукоўцы ў дасьледаваньні, апублікаваным нядаўна ў часопісе Nature.

Вышынная струмянёвая плынь або струмянёвая плынь (анг.: jet stream) — гэта зона моцнага руху паветра (ветру) на вышыні некалькіх кілямэтраў над Зямлёй. Для гэтай паветранай плыні характэрныя вялікія хуткасьці, якія даходзяць да 25 мэтраў на сэкунду.

Што тычыцца такой зоны на паўднёвым паўшар’і Зямлі, дык да 2000 году струмянёвая плынь перамяшчалася са свайго звычайнага шляху на поўдзень да Антарктыды з хуткасьцю ў адну ступень геаграфічнай шырыні на кожнае дзесяцігодзьдзе. Гэты ненатуральны рух паветра ўплываў на ападкі або на іх адсутнасьць над Паўднёвай Амэрыкай, Усходняй Афрыкай і Аўстраліяй.

Навукоўцы ў згаданым дасьледаваньні адзначаюць, што ненатуральнае перамяшчэньне вышыннай плыні на паўднёвым паўшар’і было выкліканае ў першую чаргу выкідам у атмасфэру шкодных хімічных рэчываў, якія пашыралі азонавую дзірку над Антарктыдай.

Што больш, навукоўцы сьцьвярджаюць, што намаганьні міжнароднай супольнасьці па зьмяншэньні такіх выкідаў, у рамках гэтак званага Манрэальскага пратаколу 1987 году, давялі ня толькі да згушчэньня азонавага пласту над Антарктыдай, але і спынілі перамяшчэньне струмянёвай плыні паветра на поўдзень і павярнулі гэтае перамяшчэньне назад, у бок ранейшага, натуральнага рэчышча плыні.

«Гэта добрая навіна, безумоўна. Гэта паказвае, што нашы дзеяньні могуць спыніць кліматычныя зьмены», — сказаў газэце The Guardian экспэрт Фінскага мэтэаралягічнага інстытуту. — Мы бачым, што ўзгодненыя дзеяньні даюць плён. Гэта моцны мэсыдж для нас як вытворцаў парніковых газаў. Гэта паказвае, што мы можам маніпуляваць кліматам у два бакі: у няправільны бок і ў бок адмены шкоды, якую мы нанесьлі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG