Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Банкі баяцца выдаваць крэдыты, бо прагназуюць крызіс


Ілюстрацыйнае фота

Многія банкі спынілі выдачу крэдытаў фізычным асобам, іншыя паднялі працэнтныя стаўкі на іх. Што адбываецца ў банкаўскай сфэры і ці сталі людзі браць крэдыты на грэчку, разьбіраемся з экспэртам.

24 сакавіка «Прыорбанк» узнавіў выдачу крэдытаў, якія не выдавалі з 21 па 23 сакавіка. Пры гэтым працэнтная стаўка паднялася з 12,32% да 14,18%.

«Беларускі народны банк» прыпыніў выдачу крэдытаў фізычным асобам з 23 сакавіка, пры гэтым выдае крэдыты на нерухомасьць і аўтамабілі. У сярэднім стаўка павысілася на 2%. З 19 сакавіка прыпыніў выдаваць крэдыты фізычным асобам і «БТА Банк».

У сярэднім большасьць банкаў падняла стаўкі па крэдытах на 2%. Гэта тычыцца і крэдытаў на нерухомасьць.

У Нацыянальным банку статыстыку крэдытаў для фізычных асобаў на час пандэміі пакуль не публікавалі. Не паведамілі пра статыстыку крэдытаў і ў 5 камэрцыйных банках, куды зьвярнулася Свабода. Але, паводле экспэртаў, больш крэдытаў людзі браць ня сталі. Бо банкам акурат крэдыты выдаваць выгадна.

У асобных банкаўскіх філіях, куды зьвярнулася Свабода, таксама не заўважылі апошнім часам наплыву кліентаў, якія хочуць узяць крэдыты.

«Банкі перастрахоўваюцца»

Праз пандэмію эканамісты праракуюць усясьветны эканамічны крызіс, які не абміне і Беларусь. У банках гэта разумеюць, таму выдаваць зараз крэдыты «ім проста страшна».

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Відавочна, што нарастаюць рызыкі, яны зьвязаныя з надыходам эканамічнага крызісу. Вызначыць глыбіню гэтага крызісу складана. Многія страцяць працу, многія сутыкнуцца зь няпоўным працоўным днём ці тыднем. Даходы будуць падаць, што закране індывідуальных прадпрымальнікаў. У стандартнай сытуацыі ў банку даюць крэдыт, калі бачаць даведку аб заробках. А зараз у банках ня ведаюць, ці будзе гэты чалавек працаваць праз паўгода», — тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Крэдытаў будзе менш

У сытуацыі пандэміі каранавірусу банкам застаецца абмяжоўваць выдачу крэдытаў фізычным асобам да часу, калі можна будзе ацаніць рызыкі крызісу і дакладна вызначыць яго маштабы.

«Дзесьці павысяць стаўкі на крэдыты, дзесьці ўзмоцняць патрабаваньні, ад пэўных крэдытных прадуктаў проста адмовяцца», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Цяпер банкі абмяжоўваюць ня толькі выдачу крэдытаў, але і валютна-абменныя апэрацыі. Напрыклад, каб зьняць некалькі сотняў даляраў з даляравага рахунку, у пэўныя банкі ўжо трэба зьвяртацца за тыдзень.

«Не завышаць курсу канвэрсіі»

Нацыянальны банк не рэкамэндуе камэрцыйным банкам:

  • уводзіць беспадстаўныя абмежаваньні і ўзнагароджаньні фінансавых апэрацыяў
  • завышаць курс канвэрсіі на абменныя апэрацыі
  • устанаўляць вялікую розьніцу паміж курсамі куплі і продажу замежнай валюты

Наконт крэдытаў за апошнія 15 дзён канкрэтных рэкамэндацыяў Нацыянальны банк афіцыйна не публікаваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG