Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус і дзеці. Пэдыятар пра рызыкі і наступствы


Ілюстрацыйнае фота

Галоўны лекар аддзелу дзіцячых інфэкцыйных захворваньняў Унівэрсытэту Вірджыніі ў ЗША Стывэн Цайхнэр у гутарцы з «Голасам Амэрыкі» абмеркаваў, які ўплыў каранавірусная інфэкцыя, пандэмія якой цяпер паралізавала сьвет, робіць на дзяцей.

— Што нам на сёньня вядома пра каранавірус і дзяцей?

— Група пэдыятраў з Кітаю апублікавала вельмі цікавае дасьледаваньне, у якім апісалі клінічныя праявы хваробы больш як у 2400 дзяцей. Я думаю, гэта будзе цікава і эпідэміёлягам, і распрацоўнікам мадэляў разьвіцьця хваробы, таму што, згодна з гэтым дасьледаваньнем, хвароба працякае лягчэй у дзяцей ва ўзросьце, скажам, ад году і старэйшых, але, відаць, прымае больш цяжкую, чым меркавалася раней, форму ў немаўлятаў да году.

Стывэн Цайхнэр
Стывэн Цайхнэр

Гэта можа паўплываць на плянаваньне лячэньня дзяцей, патэнцыйна заражаных COVID-19, бо яны, магчыма, хварэюць цяжэй, чым мы думалі. Больш за тое, існуе імавернасьць, што ў крыху старэйшых дзяцей могуць быць вельмі слаба выяўленыя сымптомы або іх можа ня быць зусім. Гэта важна, бо нават тады яны заразныя. Усё гэта, я думаю, служыць яшчэ адным пацьвярджэньнем таго, што сацыяльную ізаляцыю і захады засьцярогі да дзяцей варта ўжываць у той самай ступені, што і да дарослых, асабліва да здаровых з выгляду дзяцей.

— Мяркуючы па наяўных дадзеных, у найбольшай ступені сымптомы і ўскладненьні выяўляюцца ў людзей старэйшага ўзросту. Нам вядома, чаму вірус, як выглядае, шкадуе дзяцей?

— Невядома. Гэта прадмет актыўнага вывучэньня і вялікага інтарэсу. Запрапанавана некалькі вельмі цікавых тэорый. Я думаю, той факт, што вірус больш ўзьдзейнічае на немаўлят, ня дзіўны, бо многія інфэкцыі закранаюць іх больш, чым дарослых. Гэта і бактэрыяльныя інфэкцыі, і ВІЧ, які, калі мы яшчэ ня ўмелі прадухіляць яго перадачу дзецям, рабіў на іх больш сур’ёзны ўплыў.

Мы ня ведаем, чаму дзеці параўнальна больш абароненыя ад ускладненьняў хваробы. Выказваліся здагадкі, што ў некаторых дзяцей менш рэцэптараў, якія выкарыстоўвае вірус для пранікненьня ў клеткі. Іншыя мяркуюць, што ў дзяцей ёсьць своеасаблівы імунітэт у сувязі з тым, што яны заражаюцца іншымі каранавірусамі. Часта звычайную прастуду выклікаюць штамы каранавірусаў. Магчыма, імунітэт да іх дапамагае дзіцячаму арганізму змагацца з COVID-19 і зьмякчаць працяканьне хваробы. Але гэта толькі гіпотэзы. Вывучэньне гэтых аспэктаў, магчыма, дапаможа нам у разуменьні таго, як распрацаваць вакцыну супраць COVID-19 і лячыць яго.

— Вы адзначалі, што ў некаторых дзяцей можа быць больш высокая рызыка ускладненьняў.

— Мы мелі на ўвазе немаўлятаў. Але ўвогуле, дзеці з хранічнымі, у тым ліку рэсьпіраторнымі, захворваньнямі, сардэчнымі, напрыклад з прыроджаным парокам сэрца, іншымі мэтабалічнымі захворваньнямі, прыроджанымі сындромамі імунадэфіцыту, больш рызыкуюць заразіцца любымі інфэкцыямі, ня толькі COVID-19.

— Дзеці працягваюць гуляць на дзіцячых пляцоўках, адзначаць дні нараджэньня. Ці варта нам больш падкрэсьліваць, што дзеці таксама адыгрываюць важную ролю ў зьніжэньні тэмпаў перадачы гэтай хваробы?

— Адназначна. Я лічу, што рэкамэндацыяў установаў аховы здароўя неабходна прытрымлівацца і дарослым, і дзецям. Гэта вельмі балюча для дзяцей, якія звыклі наведваць сваіх бабуль і дзядуляў, дзядзькаў, цётак. Але яны, нават калі ў іх няма сымптомаў або яны вельмі мяккія, могуць заразіць сваіх пажылых сваякоў, у якіх рызыка разьвіцьця ўскладненьняў больш вялікая. З пункту гледжаньня сям’і, соцыюму, гэта вельмі балюча. Але, мне здаецца, мы павінны праяўляць дальнабачнасьць і рабіць усё магчымае, каб зьнізіць перадачу хваробы проста зараз, калі гэта вельмі і вельмі важна.

— Як вы лічыце, ці варта бацькам абыходзіцца зь дзецьмі так, як быццам яны могуць быць пераносчыкамі захворваньня, нават калі ў іх няма сымптомаў? Бо ну так, мы можам трымаць іх далей ад нашых бацькоў, але яны ўсё яшчэ гуляюць адно з адным.

— Так, гэта складана, але я лічу, што мы павінны паспрабаваць. Адназначна старацца максымальна абмежаваць гэтае ўзаемадзеяньне, гульні ў вялікіх групах. У дзяцей ёсьць браты, сёстры, гуляць зь імі яны могуць — усё гэта будзе адбывацца ва ўмовах аднаго дому. Але вялікія зборы з нагоды дня нараджэньня, вялікія групы для гульняў — ад усяго гэтага, я думаю, хоць бы на нейкі час варта адмовіцца.

— Дык што ж мы можам зрабіць, каб абараніць нашых дзяцей?

— Мы можам практыкаваць сацыяльнае дыстанцыяваньне, надаваць больш увагі на асабістай гігіене. Мае дзеці ўжо дарослыя, але я добра памятаю, калі яны былі маленькімі, было вельмі складана прымусіць іх вымыць рукі ці захоўваць чысьціню, але мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць.

— Што вы парэкамэндуеце рабіць бацькам, калі ім падасца, што ў дзіцяці зьявіліся сымптомы: зьвяртацца ў шпіталь або тэлефанаваць лекару, бо гэта можа быць якая заўгодна хвароба?

— Вы цалкам маеце рацыю, гэта можа быць што заўгодна. Таму бацькам варта перш за ўсё зьвязацца зь лекарам. Мы зусім не жадаем, каб пацыенты тоўпіліся ў залях хуткай дапамогі. Месцы там неабходна берагчы для тых, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе. Туды адназначна будуць зьвяртацца пацыенты з COVID-19. Таму, калі ў вас няма нічога сур’ёзнага, няма COVID-19, зварот у шпіталь можа быць рызыкай для вас і вашай сям’і. Калі вам неабходна, вядома, зьвяртайцеся. Але калі вы проста непакоіцеся, у вас нязначныя сымптомы, перш за ўсё зьвяжыцеся зь лекарам.

— Дзеля таго што ў дзяцей сымптомы меней выяўленыя і мы ня бачым гэтак выразнай праявы хваробы, як вы лічыце, ці варта лячыць іх дома і ня весьці ў шпіталь?

— Я б кансультаваўся зь лекарам. Тое, што ў многіх дзяцей сымптомы нязначныя, магчыма, сапраўды кажа на карысьць таго, што ім лепш лячыцца дома. Але кожны выпадак індывідуальны. Я лічу, бацькам трэба раіцца з мэдыкамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG