Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі просяць урад Беларусі абвесьціць надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам


Уладзімір Карагін, старшыня каардынацыйнай рады Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва
Уладзімір Карагін, старшыня каардынацыйнай рады Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва

Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва зьвярнулася да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігара Сергеенкі з прапановамі адносна захадаў у супрацьдзеяньні небясьпечнага вірусу COVID-19.

Прадпрымальніцкае аб’яднаньне падтрымлівае захады ўраду, у першую чаргу Міністэрства аховы здароўя, накіраваныя на недапушчэньне распаўсюду каранавірусу. Аднак пры гэтым адзначае, што шэраг сэктараў эканомікі, у прыватнасьці, турызм, грузаперавозкі, сфэра паслугаў, сутыкаюцца з нэгатыўнымі наступствамі пандэміі гэтага захворваньня ў сьвеце.

З улікам аб’ектыўнай немагчымасьці цалкам заблякаваць вірус у кароткатэрміновай пэрспэктыве, канфэдэрацыя заклікае скарыстацца адносна спрыяльнай сытуацыяй у Беларусі дзеля выпрацоўкі комплексу захадаў падтрымкі прадпрымальніцтва і кампэнсацыі панесеных стратаў.

  • Разгледзець магчымасьць пераводу работнікаў на дыстанцыйную працу
  • Забясьпечыць адтэрміноўку арэнднай платы, камунальных паслугаў і доступу ў інтэрнэт у выпадку часовага невыкарыстаньня аб’екту нерухомасці
  • Спрасьціць парадак аказаньня спонсарскай дапамогі мэдычным установам.

«У глябальным сьвеце ідзе прасяданьне эканомікі, адбыўся абвал на фондавых біржах, — адзначае старшыня каардынацыйнай рады Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін. — Гэта адбіваецца і на Беларусі. Праблемы з пастаўкамі нафты выклікалі падзеньне рубля. У прадпрыемстваў недахоп фінансаў, у краіне дэпрэсіўныя цэлыя галіны. За апошнія тыдні бізнэс у краіне абясцэніўся на 10-12%. Гэта прымусіла нас зьвярнуцца да ўраду з прапановай аб аб’яўленьні надзвычайнага становішча. Яно ёсьць ва ўсіх краінах Эўропы, няма толькі ў нас».

Канфэдэрацыя просіць у самыя кароткія тэрміны стварыць пры Савеце міністраў працоўную групу дзеля выпрацоўкі комплексу першачарговых захадаў. Прадстаўнікі галіновых і рэгіянальных асацыяцый гатовыя ўзяць актыўны ўдзел у сумеснай працы і выступіць у ролі каардынатара па зборы інфармацыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG