Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік WHO патлумачыў, чаму Мінздароўя Беларусі ня ўводзіць карантыну


У Сусьветнай арганізацыі здароўя лічаць, што ў Беларусі пакуль ня варта ўводзіць карантын, а тых захадаў, якія робіць Міністэрства аховы здароўя, дастаткова.

17 сакавіка Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) апублікаваў заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбой зь ім у Беларусі. Зь яе вынікае, што

  • Беларусь выконвае рэкамэндацыі WHO,
  • у арганізацыі «высока цэняць падыход да барацьбы з каранавірусам з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя»,
  • адзначаюць «значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19,
  • а таксама высілкі для ізаляцыі, дапамогі пацыентам і адсочваньня тых, з кім кантактавалі інфікаваныя».

Як паведаміў Свабодзе прадстаўнік WHO у Беларусі Батыр Бердыклычаў, цяпер захадаў, якія робяцца ў Беларусі, цалкам дастаткова.

«Сытуацыя зьмяняецца ва ўсіх краінах, патрабуе штодзённага аналізу і маніторынгу. У многіх краінах сапраўды ўводзіцца карантын. Такое рашэньне мусіць быць абгрунтаванае і прымацца не на падставе панікі. Карантынныя захады рэкамэндавана рабіць, калі ёсьць прыкметы перадачы інфэкцыі лякальным шляхам, каб абмежаваць распаўсюд вірусу. Беларусь пайшла іншым шляхам з самага пачатку: гэта раньняе выяўленьне, ізаляцыя і адсочваньне кантактаў інфікаваных. Каб уводзіць карантын, патрэбны пэўныя эпідэміялягічныя паказчыкі», — тлумачыць Батыр Бердыклычаў.

Ён падкрэсьлівае, што Мінздароўя «ня супраць карантыну і не абвяргае гэта як магчымую меру», але пры неабходнасьці. У Міністэрства аховы здароўя, паводле Батыра Бердыклычава, ёсьць некалькі сцэнараў, іх прымяненьне залежыць ад распаўсюду вірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG